За 20 гадоў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі стаў цэнтрам рэалізацыі творчых ідэй, незвычайных праектаў, нестандартных рашэнняў і ініцыятыў.
Сёння Полацкая РА ГА «БРСМ» налічвае каля пяці тысяч чалавек, 167 пярвічак. Дружная каманда райкама — другі сакратар Дзіяна Цябут, галоўны спецыяліст Марыя Лаханава, галоўны бухгалтар Анастасія Клапова на чале з першым сакратаром Ягорам Падольскім імкнуцца зрабіць жыццё моладзі цікавым, насычаным і разнастайным. І ў іх гэта атрымліваецца выдатна! Напрамкаў працы ГА «БРСМ» мноства. Полацкія хлопцы і дзяўчаты гэта ведаюць і шануюць. Таму заўсёды бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах.
Выхаваць патрыёта
Асаблівую ўвагу раённы камітэт «БРСМ» удзяляе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.
У мэтах фарміравання ў моладзі любові да Радзімы, павагі да яе гісторыі, беражлівых адносін да Дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь праводзяцца акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі», «Да абароны Айчыны гатовы!», «Мы - грамадзяне Беларусі!», «Сіла асноўнага закона», «Маладзёжныя ініцыятывы - роднай краіне!», «Моладзь. Традыцыі. Будучыня», спартыўна-патрыятычная гульня «Арляня», праца ваенна-патрыятычных лагераў на базе воінскіх часцей і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Актыўны ўдзел полацкая моладзь прымае ў важных грамадска-палітычных падзеях краіны.
Хочаш у студатрад — прыходзь у БРСМ!
Адзін з прыярытэтных напрамкаў працы - працаўладкаванне моладзі. Студатрадаўскі рух з кожным годам набірае папулярнасць сярод навучэнскай моладзі. Толькі гэтым летам РК ГА «БРСМ» працаўладкавана больш за 250 чалавек. Рабяты працавалі ў сельскагаспадарчых, экалагічных, педагагічных, будаўнічых, медыцынскім атрадах. Зусім хутка працу на палях філіяла «Вясна-энерга» пачнуць студатрады, сфармаваныя ў верасні. Плануецца, што на ўборцы агародніны будуць працаваць практычна 1000 навучэнцаў полацкіх каледжаў.
Прыемна, што ў нашым горадзе была адкрыта і абласная маладзёжная будоўля. Полацкая моладзь ведае: каб правесці канікулы з карысцю, трэба ісці працаваць у студатрад. Адзін з іх, будаўнічы «КАДЭТ-БУД» імя Героя Беларусі Мікіты Куканенка, атрымаў статус абласнога праекта і будзе прадстаўляць Полаччыну на рэспубліканскім конкурсе «Трэці працоўны семестр-2022».
І іншыя напрамкі
Дружны калектыў Полацкага РК ГА «БРСМ» не перастае шукаць новыя формы працы з моладдзю, імкнецца ахапіць усіх хлопцаў і дзяўчат без выключэння. Штомесяц праводзяцца мерапрыемствы для саюзнай моладзі навучэнцаў школ, студэнцкай, працуючай і сельскай моладзі. Квэсты, квізы, спартакіяды, фотаконкурсы ўжо палюбіліся полацкім хлопцам, і яны заўсёды чакаюць іх з нецярпеннем.
Добрае сэрца
Адзычлівасць, жаданне дапамагчы і зрабіць свет лепшым — галоўныя якасці сяброў валанцёрскага руху «Добрае сэрца» Полацкай РА ГА «БРСМ». Першасныя арганізацыі з ліку працуючай, студэнцкай і навучэнскай моладзі па меры неабходнасці ажыццяўляюць рамонт і добраўпарадкаванне замацаваных за імі мемарыялаў і помнікаў воінскай славы. Валанцёры рэгулярна праводзяць дабрачынныя акцыі для выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна, дома сямейнага тыпу ў аг.Жарнасекі. Праводзяць для дзетак святы, дапамагаюць сабраць канцылярскія прылады. А яшчэ полацкія валанцёры не раз прыходзілі на выручку прытулку жывёл «Права на жыццё».
У няпростых эпідэмічных умовах, якія склаліся падчас росту захворвання на каранавірусы, актывісты руху дапамагалі з бескантактнай дастаўкай прадуктаў, медыкаментаў, прадметаў гігіены адзінокім і адзінокапражываючым пажылым людзям.
Добраахвотныя дружыны
Важны напрамак у дзейнасці раённай арганізацыі прафілактыка правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі. На базе полацкіх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сфарміраваны маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Адны супрацоўнічаюць з Дзяржаўтаінспекцыяй, іншыя - з патрульна-паставой службай Полацкага РАУС, а будучыя ратавальнікі з хіміка-тэхналагічнага каледжа плённа ўзаемадзейнічаюць з Полацкім ГРАНС. Юныя дружыннікі ведаюць і любяць сваю справу. Рабяты імкнуцца данесці да аднагодкаў, што правапарушэнні не застануцца незаўважанымі і вінаваты будзе пакараны. Такая прафілактычная праца дае добры вынік.
Быць здаровым - выдатна
Шматлікія мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў полацкай моладзі. Рабяты заўсёды актыўна прымаюць удзел у лёгкаатлетычных кросах, велапрабегах. У гэтым годзе ГА «БРСМ» быў рэалізаваны цікавы сямейны праект выхаднога дня «Тата-зала», які праходзіў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Бацькі з дзецьмі спаборнічалі ў вясёлых спартыўных конкурсах. З задавальненнем моладзь каледжаў пачынала раніцу перад заняткамі з агульнай зарадкі, а пасля вучобы далучалася да спартовага праекту «Вуліца». Днямі на плошчы Францыска Скарыны прайшло чарговае мерапрыемства «Моладзь - у рытме ЗЛЖ». Акрамя гэтага, традыцыйнымі сталі шматлікія прафілактычныя акцыі.
Віншаванне хлебаробаў
Падчас гарачай пары жніва райкам не пакінуў без увагі моладзь, якая працавала на палях. Да лепшых маладзёжных экіпажаў і вадзіцеляў, задзейнічаных на ўборцы збожжа, з віншаваннямі выязджаў Полацкі РК ГА «БРСМ». Прыемныя словы і крэатыўныя падарункі сталі стымулам працаваць з яшчэ большай аддачай. Бо заўсёды прыемна, калі тваю працу бачаць і шануюць.