Палачане прынялі ўдзел у патрыятычнай акцыі «Дыктоўка Перамогі»

05.09.2022

У Год гістарычнай памяці, 3 верасня прайшла маштабная міжнародная грамадзянска-патрыятычная акцыя «Дыктоўка Перамогі», арганізаваная партыяй «Адзіная Расія», расійскімі гістарычным і ваенна-гістарычным таварыствамі і рухам «Валанцёры Перамогі». У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 42 краін свету. Партнёрам акцыі ў Беларусі выступіла ГА «БРСМ».

Не засталася ў баку і Полаччына. Права прадэманстраваць веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны было прадастаўлена студэнтам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і навучэнцам СШ №14. У ліку ўдзельнікаў акцыі менавіта гэта школа апынулася невыпадкова. Ва ўстанове адукацыі вядзецца плённая праца па ваенна-патрыятычным выхаванні, дзейнічае гісторыка-патрыятычны клуб «Памяці вартыя...», педагогі і хлопцы ўцягнуты ў рэалізацыю міжнародных патрыятычных і даследчых праектаў.

Навучэнцам 10 і 11 класаў трэба было адказаць на 25 пытанняў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія тычацца як яе знакавых падзей, так і людзей, якія ўнеслі значны ўклад у перамогу над фашысцкімі захопнікамі, а таксама месцаў, дзе ўвекавечана памяць аб загінуўшых. Перад пачаткам дыктоўкі Перамогі да прысутных звярнуўся першы сакратар Полацкага РК ГА «БРСМ» Ягор Падольскі. Ён расказаў аб правілах правядзення акцыі і пажадаў яе ўдзельнікам поспехаў.

...У аўдыторыі цішыня. Юнакі і дзяўчаты засяроджана запаўняюць бланкі, упрыгожаныя сімволікай Перамогі. Іх задача не толькі не памыліцца ў адказах, але і ўкласціся ў рамкі адведзенага на акцыю часу. Гледзячы на не па-дзіцячы сур'ёзныя твары, прыходзіць усведамленне: гэты ўрок патрыятызму пакіне след у памяці кожнага і стане укладам у выхаванне грамадзян краіны, якая перанесла ўсе нягоды ваеннага ліхалецця. І яны будуць памятаць, шанаваць і ганарыцца. Заўсёды.

Па завяршэнні акцыі «Дыктоўка Перамогі» Ягор Падольскі ў знак падзякі ўстанове адукацыі за супрацоўніцтва, плённую працу па патрыятычным выхаванні і актыўны ўдзел у традыцыйнай акцыі на Кургане Дружбы, размешчаным на мяжы трох краін – Расіі, Беларусі і Латвіі — уручыў дырэктару школы Аксане Грыб Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Фота з архіва ўстановы.

Крыніца: pvestnik.by