На Полаччыне працягваецца падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду

05.09.2022

Якім будзе для насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання нашага рэгіёну цяперашні асенне-зімовы перыяд? Шмат у чым гэта залежыць ад якасці падрыхтоўкі да яго.

Сваё ўкладанне ў гэту працу ўносяць працаўнікі філіяла «Полацкія электрычныя сеткі» РУП «Віцебскэнерга», вырашаючы задачы па забеспячэнні надзейнага бесперабойнага электразабеспячэння спажыўцоў Полаччыны і іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Адна з актуальных задач - правядзенне капітальных, сярэдніх, бягучых рамонтаў абсталявання падстанцый 35 кВ і вышэй. Пра тое, як яна вырашаецца, распавёў начальнік службы падстанцый 35 кВ і вышэй Сяргей Макаронак:

— У рамках падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду ў філіяле праводзяцца рамонты асноўнага і дапаможнага абсталявання падстанцый 35 кВ і вышэй. У адпаведнасці з каляндарным графікам сёлета комплексныя капітальныя рамонты ідуць на сямі падстанцыях (ПС) Полацкага энергавузла - у Полацкім, Чашніцкім, Расонскім, Верхнядзвінскім і Ушацкім раёнах. У Полацку работы вядуцца на ПС 110/10/6 кВ «Мясакамбінат». Яна была ўведзена ў строй у 1975 годзе, пазней, у 2014 годзе, рэканструявана ў рамках рэалізацыі аб'екта будаўніцтва Полацкай ГЭС на Заходняй Дзвіне.

З ПС 110/10/6 кВ «Мясакамбінат» ажыццяўляецца электразабеспячэнне многіх спажыўцоў горада Полацка - бытавых, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

З мэтай забеспячэння надзейнай, безаварыйнай і эканамічнай работы электратэхнічнага абсталявання Полацкага энергавузла філіялам «Полацкія электрычныя сеткі» праводзяцца работы па замене абсталявання падстанцый 35 кВ і вышэй, па ўкараненні новага абсталявання. Рэалізуюцца аб'екты будаўніцтва «Арганізацыя транзіту па ВЛ-110 «ПС «Полацк-330» - Наваполацкая ЦЭЦ - ПС «Валынцы» - ПС «Верхнядзвінск» - ПС «Міёры»», «Падключэнне дадатковай нагрузкі да аўтаматыкі сячэння Беларусь-Смаленск (САОН- АСБС)». У 4-м квартале 2022 года намечаны работы па рэалізацыі аб'екта будаўніцтва «Рэканструкцыя ПС 110/10 кВ «Народная» з устаноўкай другога сілавога трансфарматара 110 кВ».

На ПС 110/10/6 кВ «Мясакамбінат» сіламі службаў падстанцый 35 кВ і вышэй, рамонту і эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў, рэлейнай абароны і аўтаматыкі філіяла ўжо выканана каля 90% запланаваных работ. Як адзначаюць спецыялісты, капітальны рамонт гэтага аб'екта будзе завершаны ў 3-м квартале 2022 года, да пачатку асенне-зімовага перыяду.

На здымках: работы па комплексным капітальным рамонце ПС 110/10/6 кВ «Мясакамбінат» у г.Полацку вядзе брыгада службы падстанцый 35 кВ і вышэй пад кіраўніцтвам майстра В.А.Ушакова; начальнік службы падстанцый 35 кВ і вышэй Сяргей Макаронак.

Крыніца: pvestnik.by