- Пустуючыя дамы - не рэдкасць у нашых населеных пунктах. Яны не ўпрыгожваюць вясковы краявід і могуць стаць праблемай для жыхароў і мясцовых органаў улады. Якая работа вядзецца ў гэтым напрамку?
— Па рашэнні Полацкага райвыканкама з пачатку года пустымі прызнаны 8 дамоў, якія знаходзяцца ў населеных пунктах Гомельскага, Астроўшчынскага і Экіманскага сельсаветаў. Па 21 дому адмоўлена ў прызнанні іх пустымі, бо ў іх адсутнічаюць уласнікі і спадчыннікі, альбо спадчыннікі адмовіліся ад маёмасці. Па кожным падрыхтаваны адпаведны пакет дакументаў у суд аб прызнанні дамоў вымарачнай маёмасцю. Па двух, якія знаходзяцца ў населеных пунктах Баравухскага сельсавета, суды адбыліся - яны прызнаны вымарачнай маёмасцю. Згодна з рашэннем райвыканкама падлягаюць зносу. Рэестр пустых дамоў сфарміраваны, але перыядычна папаўняецца. Уся інфармацыя аб аб'ектах, уключаных у яго, размяшчаецца на сайце Полацкага райвыканкама. На сённяшні дзень у спісе 11 пустых дамоў.
— У адпаведнасці з Указам №116 дом можна прадаваць за адну базавую велічыню. У гэтым годзе былі такія выпадкі?
— Так, пачатак пакладзены. Упершыню такой працэдурай скарысталіся ў вёсцы Сосніца Гаранскага сельсавета. І, заўважу, да нас часта звяртаюцца не толькі жыхары Полаччыны, жадаючы купіць дом па базавай велічыні. Цяпер апублікавана інфармацыя на сайце райвыканкама і ў раённай газеце аб продажы ў вёсцы Пашкі Гомельскага сельсавета пустога дома за адну базавую велічыню. Але пры падачы заявак двума і больш жадаючымі адбудзецца аўкцыён.
Хачу падкрэсліць, што продаж пустуючых дамоў за адну базавую велічыню дазволены не ва ўсіх населеных пунктах раёна. Рашэннем Віцебскага аблвыканкама вызначаны пералік населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх пустыя жылыя дамы адчужаюцца толькі шляхам аўкцыёну. Дадаткова хачу сказаць, што ўпершыню ў нашай практыцы адбыўся продаж пустуючага дома па рыначным кошце ў Палатоўскім сельсавеце. За кожным станоўчым вынікам — вялізная работа ўсіх зацікаўленых асоб.
Пералік населеных пунктаў Полацкага раёна, на тэрыторыі якіх пустыя жылыя дамы адчужаюцца толькі шляхам правядзення аўкцыёну: г.Полацк; в. Азіна (Азінскі с/с); вёскі Гамзелева, Гваздова, Калектыўная, Копцева, Перханшчына, Падзвінне, Ропна, Станцыя Рапнянская, Чарнешчына, Шалашына, пас.Сонечны (Баравухскі с/с), в. Навлiца (Ветрынскi с/с), вёскі Касарова, Касары, Усомля (Вароніцкі с/с); аг.Гомель (Гомельскі с/с), в. Новая Палата (Палатоўскі с/с); вёскі Багатырская, Сякераўшчына, Чаромушкіна (Салоніцкі с/с); вёскі Бельчыца, Каз'янкі, Фольварак, Экімань-1, Экімань-2, Паўднёвая, пас.Вяснянка (Экіманскі с/с).
— Адным са старшыняў сельвыканкамаў было выказана меркаванне, што праца ў гэтым напрамку праводзіцца не так эфектыўна, як хацелася. Анастасія Сяргееўна, на Ваш погляд, што перашкаджае гэтаму?
— Велізарнай праблемай у працы з пустымі дамамі з'яўляецца адсутнасць інфармацыі пра іх уласнікаў ці спадкаемцаў. Усё гэта даводзіцца высвятляць, літаральна па крупінках збіраць. Старшыні сельвыканкамаў малайцы - уцягваюцца ў гэту працу. Нагадаю, што пустуючым прызнаецца дом, у якім тры гады ніхто не пражываў хаця б адзін дзень і ўладальнікі не заяўлялі ў выканкам аб намеры выкарыстоўваць яго для пражывання. Старшыня сельвыканкама сумесна з участковым інспектарам абследуюць будынкі, праводзяць апытанні суседзяў, шукаюць уласнікаў або спадчыннікаў, накіроўваюць ім апавяшчэннi аб тым, што тыя абавязаны ў пэўны тэрмін навесці парадак у сваім валоданні або адмовіцца ад яго на карысць сельскага выканкама. У адваротным выпадку адбудзецца суд, які прыме канчатковае рашэнне. Уся гэта працэдура займае да года. Дарэчы, да прыняцця Указа нумар 116 справа магла цягнуцца і некалькі гадоў. Аднак па-ранейшаму нельга выключыць сітуацыі, пры якіх знесці пустую хату або прадаць яе новаму гаспадару, які б навёў на гэтым месцы парадак, не атрымаецца за год, як прадугледжана адкарэктаванай заканадаўчай базай. Чаго толькі варта адшукаць уласнікаў ці спадчыннікаў, калі яны за мяжой! Так, сёння па Экіманскім сельсавеце ўласнік пустога дома знаходзіцца ў Расіі. Адправілі яму паведамленні па двух адрасах, заказныя лісты вярнуліся… Пакет дакументаў у судзе, чакаем разгляду. Дарэчы, і ў гэтым плане судовай практыкі ў нас пакуль не было.
Вымарачнай прызнаецца спадчына, калі няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні, або ніхто з іх не мае права ўспадкаваць, або ўсе адмовіліся ад спадчыны.
Фота: Іллі ШВЯДКО; з архіва архітэктуры і будаўніцтва Полацкага райвыканкама.
Крыніца: pvestnik.by





                            












                            

                            