Прайшоў чарговы прыём грамадзян старшынёй Полацкага райвыканкама

02.08.2022

Больш за дзесятак палачан звярнуліся да старшыні райвыканкама Ігара Марковіча падчас чарговага асабістага прыёму грамадзян. Ні адно пытанне не засталося без адказу.

Справы жыллёвыя

Наконт рамонту дома №23 па вуліцы Шміта на прыём да кіраўніка раёна прыйшлі адразу некалькі яго жыхароў (на фота). Аб'ект знаходзіцца на кантролі і ўнесены ў графік капрамонту жыллёвага фонду на бягучы год. Як растлумачыў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лейчанка, праектна-каштарысная дакументацыя цяпер праходзіць дзяржаўную экспертызу. Работы пачнуцца ўжо ў чацвёртым квартале. Пытанне рамонту жылфонду закранула і жыхарка аг. Жарнасекі, якая прасіла звярнуць увагу на дом №16 па вул. Маладзёжнай. Зварот будзе вывучаны падчас камісійнага абследавання, па выніку якога будзе складзены перспектыўны план рамонту жылфонду.

Жыллёвыя пытанні найбольш часта гучаць падчас асабістых прыёмаў. Так, патрэбную кансультацыю пры размове з кіраўніцтвам раёна атрымала і жыхарка аднаго з інтэрнатаў. Палачанка з прычыны абставінаў вымушана была пакінуць працу на прадпрыемстве, якое прадаставіла месца жыхарства. Яна працаўладкавалася ў іншую арганізацыю. Цяпер новы ўласнік інтэрната перазаключае дагаворы. Грамадзянцы параілі атрымаць хадайніцтва ад працадаўцы, каб захаваць месца ў інтэрнаце.

…і дарожныя

Падчас прыёму грамадзян было ўзнята пытанне стану дарожнага пакрыцця на ўездзе ў в.Фарынава і некаторых вуліцах гэтага населенага пункта, а таксама дарогі ў напрамку да аг.Рудня. Праблемныя ўчасткі - на кантролі, у бліжэйшы час прадугледжана выкананне дарожных работ.

Падчас сустрэчы з жыхарамі рэгіёна абазначана неабходнасць рамонту ўчастка дарогі ў Полацку па вул. Нікіціна, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый на вул. Кутні, 1, а таксама ў в. Салонікі. Дадзены даручэнні датычным службам яшчэ раз уважліва вывучыць сітуацыю.

Жыхары Полаччыны таксама закраналі пытанні, якія тычацца працы камісійнай крамы, водаадвядзення з вуліц Бялінскага і Будзёнага, арэнды зямельнага ўчастка. «Людзі прыходзяць да нас па дапамогу, таму важна кампетэнтна і даступна растлумачыць ім усе нюансы. І, вядома, максімальна аператыўна вырашыць праблемныя сітуацыі згодна з патрабаваннямі заканадаўства», — падвёў вынік Ігар Марковіч.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу заяўнікаў, што заўсёды вітаецца ініцыятыва мясцовых жыхароў. Прыклад - калектыўная праца жыхароў вул. Армейскай,2 у г.п. Ветрына па навядзенні парадку і ўтульнасці ва ўласным двары, які прызнаны летась лепшым у раённым конкурсе па добраўпарадкаванні. У якасці прыза тут зроблены рамонт дваровай тэрыторыі за кошт сродкаў раённага бюджэту.

Фота Святланы ЧАРКОЎСКАЙ.

Крыніца: pvestnik.by