Спрэчныя пытанні, звязаныя са знешнім выглядам навучэнца, вырашае адміністрацыя ўстановы адукацыі. Растлумачэнні аб тым, як будуць укараняць у жыццё ўказаныя патрабаванні стандарту ў школах Полаччыны, «ПВ» далі ва ўпраўленні па адукацыі Полацкага райвыканкама.
Да 2022/2023 навучальнага года кожнай установай адукацыі раёна сумесна з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі вызначаны адзіныя элементы, абавязковыя для нашэння (значкі, эмблемы, гальштукі, камізэлькі). Да 2023/2024 навучальнага года школы сумесна з навучэнцамі і іх бацькамі павінны выбраць адзіную каляровую гаму адзення для канкрэтнай установы адукацыі.
Згодна з Дзяржаўным школьным стандартам, савет установы адукацыі мае права выбару адзінай мадэлі, колеру і якасці тканін, з якіх вырабляецца адзенне дзелавога стылю. У зімовы час у камплект могуць уваходзіць трыкатажны швэдар ці камізэлька.
Дарэчы, больш за 400 мадэляў прадстаўлена на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ва ўкладцы «Агульная сярэдняя адукацыя». Так што сёння ў педагогаў, бацькоў і дзяцей ёсць час і магчымасць, каб спакойна выбраць адзенне для навучальных заняткаў, якое праз год будзе выгадна выдзяляць навучэнцаў кожнай установы і стане своеасаблівай візітнай карткай школы.
Фота з інтэрнэт-крыніцы.
Крыніца: pvestnik.by