Завязаўся паветраны бой. Памятаю, у дзяцінстве, у канцы 60-х гадоў, калі жыў у в.Канстанцінава Полацкага раёна, бацька паказваў выбоіны на паўночна-ўсходнім баку нашага дома, казаў, што гэта сляды таго паветранага бою. Бамбавік быў падбіты і зваліўся прыкладна ў 1,5 км ад Канстанцінава на краі поля ў в. Асеткі тады Замшанскага, цяпер Азінскага сельсавета (цяпер гэтай вёскі няма). Экіпаж - тры лётчыкі - загінулі.
У часы маёй вучобы ў Грамошчанскай школе настаўнік Георгій Дзмітрыевіч Паўлёнак расказваў, што, калі збілі самалёт, ён хадзіў на тое месца. Знайшоў пісталет. Потым паказаў свайму знаёмаму. Праз некалькі дзён да яго прыехаў нямецкі афіцэр з салдатамі, запатрабавалі здаць пісталет. Той дастаў яго з-пад ганка. Афіцэр пакруціў у руках пакамячаны пісталет, выкінуў і папярэдзіў, каб надалей падобнага не было... Аднойчы настаўнік паабяцаў, што на летніх канікулах мы пойдзем на раскопкі самалёта. Дастанем рухавікі і іншыя дэталі і будзем захоўваць у музейным кутку. Але прайшло лета, і не адно, а мы так і не прыступілі да раскопак…
Мясцовыя жыхары прыкладна ведалі месца падзення самалёта. Поле рэгулярна апрацоўваецца - арэцца, культывуецца. Дробныя абломкі расцягнуты сельгастэхнікай на сотню метраў, фрагменты самалёта можна знайсці і ў лесе. На краі лесапаласы ў 80-я гады праведзена лінія электраперадачы, і там знаходзілі абломкі.
Ці пахаваны лётчыкі, мне не вядома. Прыкладна 15 гадоў таму пра гэта я распытваў свайго бацьку і Яўгенiю Савельеўну Несцяронак (абодва пасля вайны займаліся перапахаваннем салдат у в. Грамошча). Яны сказалі, што палі на правым баку рэчкі Грамашчанкі належалі калгасу «Кастрычнік». Перапахаваннем загінуўшых савецкіх салдат і афіцэраў на тэрыторыі калгаса «Кастрычнік» займалася былая жыхарка в. Грамошча Алена Іванаўна Кузняцова. Яна мне паведаміла, што астанкі лётчыкаў не перавозілі.
Звяртаюся да жыхароў Полацкага раёна. Можа быць, нехта ведае дакладнае месца падзення самалёта? Магчыма, камусці вядома, ці перазахоўвалі астанкі лётчыкаў? І калі так, дзе яны спачываюць? Пры наяўнасці якой-небудзь інфармацыі, тэлефануйце мне па тэлефоне 8(033) 646-39-61.
Дзмітрый Брыль, жыхар
аграгарадка Мацюшы,
член пошукавага атрада
«Разведчыкі вайсковай славы».
Фота з інтэрнэт-крыніцы.
Крыніца: pvestnik.by