Дом № 9 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Багатырскай Полацкага раёна звяртае на сябе ўвагу здалёк

14.07.2022

Нават у пахмурнае надвор'е ствараюць пазітыўны настрой сонечнага колеру балконы, а ля пад'ездаў — раскошныя кветнікі, арыгінальныя кашпо, акуратны агароджы. Дзіўна, але ўся гэта прыгажосць ствараецца дзякуючы намаганням жыхара дома - майстравітага, неабыякавага чалавека Пятра Яўгенавіча Міхнянка.

Ён прызнаецца, што, пакуль працаваў, часу на добраўпарадкаванне не хапала, а калі завяршыў працоўную дзейнасць, вырашыў прымяніць свае ўменні на карысць усім. Дому сёлета спаўняецца 40 гадоў, капітальнага рамонту тут не было ні разу. З часам пачаў разбурацца ганак. З яго ён і пачаў. Зараз у пад'езд вядуць роўненькія прыступкі з акуратнай акантоўкай. Далей - добрая металічная дзвер. «На кодавы замак сабраць грошы не атрымалася, вырашыў усталяваць яе сам», - кажа мужчына. Зрэшты, і шклопакеты ў пад'езд замовіў таксама ён, пераважна за свае грошы, і ўсталяваў іх ўласнаручна.

Дагледжаны кветнік, абгароджаны акуратнай драўлянай агароджай, не толькі пад вокнамі кватэры Міхнянкоў, але і ўздоўж усяго дома. Арыгінальныя кветачніцы таксама справа рук Пятра Яўгенавіча. Яны радуюць вока яркім рознакаляроўем і разнастайнасцю водараў. Цеплалюбівую расліну вялікіх памераў, якую за буйныя духмяныя кветкі называюць яшчэ «анёльскія трубы», клапатлівы гаспадар з надыходам халадоў выкопвае і пераносіць на зімоўку ў пад'езд, каб вясной зноў упрыгожыць двор. За клопат яна дзякуе пышным кветкаваннем.

Дзіўна, але парадак у двары Пётр Яўгенавіч наводзіць і падтрымлівае ў асноўным адзін. «Калі папрашу, суседзі Сяргей і Людміла дапамогуць. Ды яшчэ гаспадынька падрастае - дзяўчынка Ксюша. Яе бацькі - малайцы - выносяць ваду ў вёдрах, а яна палівае кветкі з коўшыка. Астатнім прыгажосць, напэўна, не патрэбна», — наракае мужчына. Яго жонка, клапоцячыся пра мужа, прапануе яму часцей адпачываць, але дзе там! «Бачу: кусты падраслі - іду стрыгчы», - кажа ён, паказваючы на роўненькі шэраг зялёных насаджэнняў.

Ідэя пафарбаваць балконы таксама падтрымкі не знайшла. З вышкай дамовіцца не атрымалася. Тады ён змайстраваў высокую лесвіцу і, падняўшыся на яе, пафарбаваў шэрыя панэлі ў ярка-жоўты колер, каб весялей усім было.

Да нашай гутаркі далучылася суседка Людміла Раманава: «Залаты чалавек! Майстравіты. Сапраўдны мужчына. Ён не толькі прыгажосць наводзіць, парадак падтрымлівае, але і дапамагае ўсім - каму словам, каму слушным саветам, а каму, да прыкладу, агарод узарэ. Вельмі пашанцавала нам!»

Адкуль такое імкненне да навядзення парадку? «Ад бацькоў», - адказвае Пётр Яўгенавіч. Родам ён з Мiёршчыны. Там для гаспадароў было справай гонару не толькі ўтрымліваць падворак у чысціні, але і ўпрыгожваць яго, каб цешыла вока. І цяпер праца на агульную карысць прыносіць яму вялікую радасць і задавальненне.

Дарэчы, за навядзенне ўзорнага парадку Пётр Міхнянок неаднаразова адзначаны кіраўніцтвам Салоніцкага сельвыканкама. «Заўважаюць, прыемна, вядома — прызнаецца ён. — Але галоўнае не гэта, а тое, што прыгажосць радуе ўсіх».

Інтэр'ер пад'езда - асаблівая тэма. Менавіта інтэр'ер — не пафарбаваныя маркотнай алейнай фарбай, а аздобленыя стылізаванымі цаглінкамі і карцінамі сцены, вакол кожных ўваходных дзвярэй (а іх дзевяць) - апраўленне са штучнага каменя, на падлозе керамічная плітка, а прыступкі... Цяпер яны ў стадыі чарговы мадэрнізацыі. Можна сказаць, было добра, а стане яшчэ лепш!

Крыніца: pvestnik.by