У фестывальным Віцебску сёння афіцыйна адкрыецца 31-ы «Славянскі базар»

14.07.2022

Урачысты старт васільковага форуму мастацтваў і дзён Саюзнай дзяржавы, адкрыццё імяннjq зоркі на алеі ля Летняга амфітэатра, конкурс майстроў традыцыйнага ткацтва, фэст мажарэтак і не толькі, паведамляе БЕЛТА.

Першы афіцыйны дзень форуму абяцае быць вельмі насычаным. Асноўная падзея, якой заўсёды з нецярпеннем чакае глядач, - урачыстая цырымонія адкрыцця 31-га «Славянскага базару». Старт фестывалю дадуць знакамітыя артысты, сярод якіх Рыгор Лепс, Сяргей Бязрукаў, Таісія Павалій, Дзяніс Майданаў, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Зара, Руслан Аляхно. Усяго будзе больш за паўсотні зорак і калектываў.

За некалькі гадзін да гэтага ў круглай зале КЗ «Віцебск» адбудуцца адкрыццё Міжнароднага прэс-цэнтра і прэс-канферэнцыя да афіцыйнага старту фестывалю. Пазней тут жа журналісты зададуць сур'ёзныя, забаўныя і вострыя пытанні ўладальніцы Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021» Рухіі Байдукенавай. Затым — народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленка з ансамблем «Сябры» — музыкі ў гэтым годзе ўдастоены спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Так што на Алеі зорак ля Летняга амфітэатра сёння заззяе новы імянны Васілёк.

Пленэрная выстава да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я. Коласа і Я. Купалы ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адкрые праграму дзён Саюзнай дзяржавы. Прымеркаваныя да іх сустрэчы, выставачныя праекты, святы ў фармаце open-air і дыскусійная пляцоўка пройдуць з 14 па 17 ліпеня.

На алеі вайсковай славы ў парку Пераможцаў адкрыецца патрыятычная выстава «Лёсы, складзеныя ў трохкутнік». Сумесны праект з Беларускім Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прэзентуе Беларускае тэлеграфнае агенцтва.

Сур'ёзная вакальная барацьба працягнецца на юбілейным дзіцячым музычным конкурсе. Цяпер удзельнікі з 15 краін выступяць з песняй на свой выбар.

Адценні Пакістана прадэманструюць мастакі і фатографы гэтай краіны на аднайменнай выставе ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.

Аб жыцці, тэатры і кіно ў адкрытым маналогу распавядзе гледачу расiйскі акцёр Сяргей Бязрукаў. Серыю пастановак майстроў лялечнага віду мастацтва пачне казка мясцовага тэатра «Лялька». Увечары эстафету падхопіць Белгарадскі тэатр лялек, прэзентуючы гледачу хронікі блакады «Гаворыць Ленінград».

Адразу на некалькіх адкрытых пляцоўках Віцебска разгорнецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У цэнтры пачнуць працу кірмаш рамёстваў «Горад майстроў» і свята-конкурс традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты». Ужо пяты раз падчас васільковага форуму пройдзе Міжнародны фестываль барабаншчыц і мажарэтак.

Акорды 31-га «Славянскага базару ў Віцебску» сёлета будуць гучаць па 18 ліпеня. Падзеі музычнага свята прымаюць больш за 20 пляцовак і ўстаноў.

Фота БЕЛТА.

Крыніца: pvestnik.by