Жорсткі інцыдэнт адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня на возеры Суя Полацкага раёна. 2 ліпеня 2022 г. неабыякавыя да жывой прыроды людзі размясцілі ў сацыяльных сетках відэазапіс, на якім мужчына здзекуецца над безабаронным лебедзем. Такія недаравальныя паводзіны прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці не толькі жыхароў нашага раёна, але і ўсёй нашай краіны.
Супрацоўнікамі Полацкага РАУС аператыўна былі праведзены мерапрыемствы па апазнанні вінаватай асобы (ім аказаўся 33-гадовы жыхар горада Наваполацка) і яго затрымання. Па сведчаннях відавочцаў птушка засталася жывая і не атрымала калецтваў. 06.07.2022 судом Полацкага раёна Віцебскай вобласці была разгледжана справа. Па выніках разбору грамадзяніна прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 16.29 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь з пакараннем у выглядзе штрафу ў памеры 480 рублёў (15 базавых велічынь).
Наваполацкая гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выказвае падзяку ўсім неабыякавым, хто адгукнуўся ў дадзенай сітуацыі і дапамог абараніць жывёлу.




















