— У гэтым годзе з ліку кадэтаў і навучэнцаў школ горада створаны новы будаўнічы атрад «Кадэт-буд» імя Героя Беларусі Мікіты Куканенка. Рабяты ўжо прыступілі да працы на аб'екце абласной маладзёжнай будоўлі на Верхнім замку. Там яны будуць працаваць да 29 ліпеня, - распавяла другі сакратар РК ГА «БРСМ» Дарына Катушонак.
Праца тут кіпіць з самай раніцы. Байцы студатрада адказна падыходзяць да выканання ўсіх даручэнняў. Дзяўчаты мыюць вокны, падмятаюць, запаўняюць дакументацыю, хлопцы дапамагаюць цеслярам, бетоншчыкам. Усе хлопцы старанныя, добрасумленныя, - падкрэсліў майстар агульнабудаўнічых работ ААТ «Будаўнічы трэст № 9 г.Віцебска» Максім Ялтушэнка.
Кадэты з асаблівым настроем працуюць на гэтым аб'екце: пасля завяршэння будаўнічых работ і рэканструкцыі былых будынкаў аховы здароўя тут размесцяцца карпусы Полацкага кадэцкага вучылiшча. У гэтай важнай справе будзе і іх дастойны ўклад.
У цяперашні час каля 70 хлопцаў і дзяўчат з розных устаноў адукацыі ўжо выконваюць свае абавязкі ў сэрвісным, педагагічным, экалагічным, будаўнічым атрадах, акрамя гэтага працягвае працу медыцынскі. Дарына Катушонак адзначыла, што сёлета РК ГА «БРСМ» плануе працаўладкаваць больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Традыцыйна восенню навучэнцы будуць дапамагаць сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай агародніны.
Яна Конаш:
— Упершыню працую ў студатрадзе. Меркавала, што будзе цяжка, але пакуль нічога складанага. Галоўнае - выразна выконваць усе даручэнні. Важна, што нас тут цэлая каманда, разам нам любая справа па плячы. Будзем ганарыцца, што ўнеслі свой уклад у рэканструкцыю будынкаў, дзе нам трэба будзе вучыцца.
Аляксандра Сафонава:
— Працаваць на абласной маладзёжнай будоўлі вельмі адказна. Тое, што наш атрад носіць імя выпускніка Полацкага кадэцкага вучылішча, Героя Беларусі Мікіты Куканенка, вельмі для нас ганарова і абавязвае выконваць усю даручаную працу якасна, а яе тут шмат. Сядзець без справы няма калі.
Уладзіслаў Пыльнікаў:
— Вельмі рады, што ўдалося стаць часткай дружнай каманды, якая працуе на важным для нашага кадэцкага братэрства аб'екце. Не церпіцца прыступіць да вучобы ў новым будынку кадэцкага вучылішча. А маладзёжную будоўлю буду памятаць доўга, уражанні самыя добрыя.
Фота Іллі Швядко.
Крыніца: pvestnik.by




















