Трохмернае асяроддзе — VR-ДАК — стварылі студэнты і выкладчыкі кафедры інфармацыйных тэхналогій ПДУ пры падтрымцы лабараторыі віртуальнай рэальнасці. Аўтарамі ідэі сталі школьнікі і настаўнікі СШ №1 Полацка. Сёння ў ёй дзейнічаюць два гісторыка-краязнаўчыя атрады: «Пошук» і «Следапыт». Дзеці вывучаюць доўгачасовыя агнявыя кропкі, даведаюцца, якія падраздзяленні і воінскія часці прымалі ўдзел у адбіцці наступлення нямецкіх войскаў у Полацкім і Смаленскім напрамках і не толькі. У жніўні 2020 года ў школе з'явіўся адукацыйны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, дзе і вырашылі стварыць праект віртуальнай рэальнасці. А базай для яго паслужылі назапашаныя раней матэрыялы. Сумесная работа школы і ВНУ вялася больш за год.
Інтэрактыўны квэст пераносіць чалавека на тэрыторыю доўгачасовай агнявой кропкі, якую трэба падрыхтаваць да абароны перад штурмам. Каб дэталёва прамаляваць лакацыю і ўзнавіць максімальна блізкія ўмовы да рэальных, каманда прарабіла вялікую працу.
«Студэнты-праграмісты, настаўнік гісторыі і школьнікі мінулым летам некалькі разоў ездзілі ў Верхнядзвінскі раён. Яны глядзелі на рэшткі сапраўднай ДАК. Гэта не тая, пра якую ідзе гаворка ў праекце, але падобная па канструкцыі. Хлопцы фатаграфавалі, здымалі відэа. Гісторыкі расказвалі ім пра функцыянал ДАК. У студэнтаў было поўнае апусканне ў прадметную вобласць. Гэта дазволіла ім рэалізаваць VR-ДАК максімальна праўдападобна, - адзначылі ў ПДУ. — Умацаваны раён Полацка вядомы сваёй устойлівасцю, адвагай. Абаронцы горада надоўга затрымалі захопнікаў. У іх быў план літаральна ў лічаныя гадзіны захапіць горад, а абаронцы трымалі абарону практычна два тыдні. Ёсць некалькі доўгачасовых агнявых кропак, якія праславіліся сваімі подзвігамі. Гісторыя адной з ДАК рэальная, гэтыя падзеі і адлюстраваны ў квэсце».
Аповяд вядзецца ад асобы невядомага маладога чырвонаармейца. Па легендзе, ён прыбыў з Маскоўскай ваеннай акругі. Многія абаронцы Полацкага ўмацаванага раёна тады прыязджалі або з Масквы, або з Урала, тлумачаць аўтары. «Мы бачым, як рыхтуецца ДАК, хто ў ёй знаходзіцца, аддае каманды, якое ёсць узбраенне, матэрыяльна-тэхнічная база, - удакладнілі ў СШ №1 Полацка. - Удзельнікі будуць бачыць уклад у падмурак будучай перамогі над фашысцкай Германіяй. Змогуць зразумець, што ўмацаваныя раёны не проста пабудавалі на мяжы, а яны адыгралі важкую ролю ў зрыве вокамгненнай вайны. Тым больш што бітва за Полацак - гэта частка Смаленскай бітвы, а гэты кірунак - ключ да Масквы. Праект дае магчымасць зразумець юным карыстальнікам, для чаго ўвогуле патрэбны былі ўмацаваныя раёны ў цэлым напярэдадні пачатку Вялікай Айчыннай вайны»..
«Гераічны ДАК» будуць развіваць і дапрацоўваць. Акрамя таго, аўтары ідэі ўжо маюць намёткі на новыя праекты віртуальнай рэальнасці. Яны плануюць расказаць аматарам квэстаў аб супрацьтанкавых ДАКах з вежамі ад танка Т-26 або прымяненні савецкай авіяцыі на пачатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны. Стваральнікі ўпэўнены: кропкі ў гэтым праекце быць не можа.
Крыніца: pvestnik.by