Студатрадаўцам Віцебскай вобласці сёння ўручылі пуцёўкі ў трэці працоўны семестр

26.05.2022

Каля 150 удзельнікаў з усёй вобласці сабраліся на тэрыторыі турысцка-аздараўленчага комплекса «Лосвіда» ў Гарадоцкім раёне, дзе 2 дні маладыя людзі прымуць удзел у розных мерапрыемствах, у тым ліку пад лозунгам #Трудкрут. Сярод удзельнікаў і прадстаўнікі полацкай моладзі - медыцынскі атрад «Медык» Полацкага медыцынскага каледжа ім. З. Тусналобавай-Марчанка. Акрамя камандзіраў, камісараў і байцоў студэнцкіх атрадаў у адкрыцці трэцяга працоўнага семестра прынялі ўдзел і «ветэраны», якія падзяліліся з хлопцамі сваім вопытам і раскажуць, з чаго пачынаўся студатрадаўскі рух на Віцебшчыне.

Для моладзі правялі азнаямленчую экскурсію, дзе распавялі пра таямніцы і загадкi возера Лосвіда, на беразе якога размешчаны аздараўленчы комплекс. Затым камандзіры аператыўных раённых штабоў студатрадаў заклалі фруктовы «Сад надзеі». Пасля працоўнай акцыі ў знак падзякі за мірнае неба над галавой маладыя людзі ўсклалі ля размешчанага ў найбліжэйшай вёсцы Пруднікі помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, белыя папяровыя караблікі.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця студатрадаўцам уручылі пуцёўкі ў трэці працоўны семестр. Усяго сёлета ў Віцебскай вобласці летам плануюць працаўладкаваць больш за 5 тыс. чалавек з ліку навучэнскай моладзі.

А сёння ўвечары удзельнікаў свята чакаюць інтэрактыўныя гульні.

Другі дзень абласнога ўрачыстага адкрыцця пачнецца з бадзёрай зарадкі. Затым будуць падведзены вынікі мерапрыемства, арганізатарамі якога выступаюць абкам БРСМ і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.

Крыніца: pvestnik.by