У Баранавічах на месцы гібелі лётчыкаў Нічыпарчыка і Куканенка пачалі ўзводзіць помнік

08.04.2022

У Баранавічах пачалі ўзводзіць помнік на месцы гібелі лётчыкаў Лідскай штурмавой авіябазы маёра Андрэя Нічыпарчыка і лейтэнанта Мікіты Куканенка, паведамілі ў гарвыканкаме.

На вуліцы Розы Люксембург выдзелілі пляцоўку пад будаўніцтва, працы ўжо пачаліся. На пастаменце ўсталююць скульптурную кампазіцыю ў выглядзе ляцячых у неба двух кованых жураўлёў на фоне сілуэту самалёта Як-130. Камунальныя службы займаюцца добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Намечанае плануецца выканаць да канца красавіка-пачатку мая.

Акрамя таго, у Баранавічах у гонар герояў Беларусі Андрэя Нічыпарчыка і Мікіты Куканенка плануецца назваць дзве вуліцы ў новым мікрараёне Паўночны-2.

З моманту трагедыі ў небе над Баранавічамі прайшоў практычна год. Ваенны самалёт Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы пацярпеў крушэнне 19 мая. Экіпаж загінуў. Ад моманту ўзнікнення аварыйнай сітуацыі да падзення самалёта прайшло крыху больш за хвіліну. На вышыні каля 50 м пілотам удалося стабілізаваць кірунак палёту і накіраваць Як-130 у адзіную кропку, якая была па-за межамі жылых пабудоў.

lidanews.by