У Сафійскім саборы праходзіць Міжнародны фестываль

05.04.2022

У канцэртнай зале Сафійскага сабора ўрачыста адкрыўся XXXIV Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.

Услед за хуткабежным часам змяняецца жыццё, змяняемся мы, змяняецца мода. Але галоўныя каштоўнасці, у ліку якіх вялікая класіка, не схільныя эмацыйнай дэвальвацыі. Музыка выбудоўвае гармонію ў душы, дорыць натхненне, дапамагае ўтрымаць раўнавагу ў бурлівым моры ўзрушэнняў і праблем, акрыляе надзеяй.

Ці часта мы задумваемся, што папярэднічае фестывальным канцэртам, якія вось ужо больш за тры дзясяткі гадоў дораць палачанам і шматлікім прыхільнікам музычнай класікі з іншых гарадоў і краін магчымасць, атрымліваючы эстэтычную асалоду, далучацца да творчасці лепшых сучасных выканаўцаў? А шмат у чым дзякуючы падзвіжніцкай працы маленькага калектыву канцэртнай залы раз за разам наш горад, ператвараючыся ў фестывальную сталіцу, становіцца цэнтрам прыцягнення для тых, хто шануе магчымасць пачуць шэдэўры сусветнай музычнай творчасці ва ўмовах унікальнай акустыкі адной з лепшых канцэртных зал Еўропы. Зноў вясна, і зноў, ужо ў трыццаць чацверты раз, дзверы старажытнай Сафіі расчынены насустрач фестывалю.

У зале аншлаг. Чаканне. Традыцыйны каравай з запаленымі свечкамі з рук юнай палачанкі прымае кіраўнік камернага аркестра «Еўропа-цэнтр» Раіль Садыкаў. Менавіта гэтаму калектыву і салістцы канцэртнай залы, заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай прадастаўлена права адкрыць Міжнародны музычны форум.

... Некалькі хвілін цішыні, і залу запаўняе яе вялікасць Музыка. Яна ўзносіцца да высокіх скляпенняў і запануе ў кожнай душы, узвышаючы над мітуснёй і дорачы настрой свята.

Яркім акордам, адкрываючым фестываль, у выкананні полацкіх музыкаў прагучалі творы беларускіх кампазітараў Я. Голанда, М. Радзівіла, Д. Смольскага і А. Кароткінай. А наперадзе яшчэ пяць канцэртаў, падчас якіх выступяць выканаўцы з Беларусі і Расіі. Падарыце сабе радасць далучэння да прыгожага!

Сардэчна запрашаем, фестываль!

https://www.pvestnik.by/?p=85037