Разам мы - сіла. Да 25-годдзя падпісання саюзнай дамовы: канкрэтныя вынікі інтэграцыі Беларусі і Расіі

01.04.2022

2 красавіка для саюзніцкіх адносін Беларусі і Расіі - важная дата, чырвоны дзень календара. Дзень яднання народаў дзвюх краін. 25-годдзе падпісання дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі.

Цяперашнія рэаліі такія: больш блізкімі партнёрамі, братамі, чым зараз, мы калі-небудзь наўрад ці былі. Канкрэтных крокаў за апошні год было зроблена шмат. Аналізуем гэтыя крокі і іх практычныя вынікі разам з экспертамі.

Што ўжо дае Саюзная дзяржава грамадзянам Беларусі і Расіі

Спрошчаны ўезд

Памежны і мытны кантроль паміж Беларуссю і Расіяй адсутнічае. Грамадзянам адной з краін пры ўездзе ў іншую атрыманне міграцыйнай карты не патрабуецца. Грамадзяне Расіі могуць уязджаць на тэрыторыю Беларусі не толькі па замежных, але і па ўнутраных пашпартах.

Да 90 сутак - без рэгістрацыі

Грамадзянам Беларусі і Расіі дазволена знаходзіцца ў другой краіне Саюзнай дзяржавы без рэгістрацыі 90 сутак. Калі ж грамадзянін адной краіны мае намер знаходзіцца на тэрыторыі другой звыш 90 сутак, яму неабходна атрымаць дазвол на часовае ці пастаяннае пражыванне.

Права выбару месца жыхарства

Факт прыналежнасці асобы да грамадзянства Беларусі або Расіі з'яўляецца падставай для атрымання дазволу на пастаяннае жыхарства (падачы заявы аб выдачы віду на жыхарства) без уліку тэрміну часовага знаходжання і атрымання дазволу на часовае пражыванне на тэрыторыі абедзвюх краін. Прычым заявы грамадзян аб атрыманні дазволу на пастаяннае жыхарства (выдачы віду на жыхарства) разглядаюцца кампетэнтнымі органамі другой краіны ў першачарговым парадку ў магчыма кароткія тэрміны.

Роўны доступ да атрымання адукацыі

У снежні 2020 года падпісана пагадненне аб стварэнні ў Саюзнай дзяржаве адзінай адукацыйнай прасторы. Грамадзяне Беларусі паступаюць у расійскія ВНУ на ўсе формы навучання: на платнае навучанне, шляхам здачы Адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ), у межах квоты, якая выдзяляецца Беларусі.

Правы ў галіне сацыяльнага забеспячэння

Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння набыў моц 29 сакавіка 2007 года. Грамадзяне дзвюх краін абсалютна роўныя ў пенсійных правах. Пры гэтым існуе два варыянты пенсіявання як беларусаў, так і расіян: па прынцыпе грамадзянства і па прынцыпе прапарцыйнасці (канчатковы варыянт выбірае сам чалавек).

Правы ў галіне аховы здароўя

З 2017 года грамадзяне Беларусі, якія часова знаходзяцца і працуюць па працоўных дагаворах на тэрыторыі Расіі, маюць права на бясплатнае аказанне медыцынскай дапамогі ў рамках АМС - абавязковага медыцынскага страхавання. Беларусы, якія часова знаходзяцца і не працуюць на тэрыторыі Расіі, маюць роўныя правы з расіянамі на атрыманне хуткай медыцынскай дапамогі — і медыцынскай дапамогі ў выпадку ўзнікнення ў іх у перыяд знаходжання ў Расіі захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для навакольных (пералік такіх вызначаецца ўрадам РФ).

У дзяржаўных установах аховы здароўя Беларусі грамадзяне Расіі, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі рэспублікі, маюць роўныя правы на атрыманне медыцынскай дапамогі.

Як людзі адчуюць плён далейшай інтэграцыі дзвюх краін

Палітолаг, эксперт грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Пётр Пятроўскі па пунктах раскладвае, як на жыцці простых расіян і беларусаў адаб'юцца далейшыя крокі па інтэграцыі эканомік:

Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі адмяняецца з 1 красавіка 2022 года.

Момант, які, на мой погляд, з'яўляецца прарывам, - тое, што мы ва ўзаемаразліках паміж Беларуссю і Расіяй пераходзім на расійскія рублі. Больш за тое, коштаўтварэнне ў нас будзе сумесным. Такое ж, як у Расійскай Федэрацыі, чаго Рэспубліка Беларусь дабівалася ад нашых усходніх саюзнікаў на працягу 17 гадоў.

Гэта прамым чынам паўплывае і на простых людзей. Тым, напрыклад, што наша жыллёва-камунальная гаспадарка будзе атрымліваць газ па ўнутрырасійскіх коштах. А значыць, цана на паслугі ЖГК не будзе настолькі расці, і мы гэта ўбачым. Акрамя таго, нафту нашы нафтаперапрацоўчыя заводы будуць атрымліваць па ўнутрырасiйскіх коштах - без падатковага манеўру. Гэта павялічыць прыбытак ад яе перапрацоўкі, што прывядзе да павелічэння падатковых паступленняў у бюджэт дзяржавы, больш будзе ісці сродкаў і ў сацыяльную сферу, у інфраструктуру. Гэта канкрэтны прамы крок да таго, што наша краіна, нашы грамадзяне будуць больш сацыяльна абаронены.

Зняты бар'еры для беларускіх тавараў, прадукцыі. Уведзены рэжым максімальнага спрыяння на ўнутрырасійскіх рынках, уключэння Беларусі, беларускіх вытворчасцей у праграмы расійскага імпартазамяшчэння і дзяржзаказу. Мы на расійскім рынку па некаторых пазіцыях фактычна будзем ці ледзь не манапалістамі, асабліва ў святле таго, што расійская прамысловасць была завязана на заходнія камплектуючыя.

На долю Расійскай Федэрацыі, якая выступае асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, у 2021 годзе прыпала 49% вартаснага аб'ёму знешняга гандлю таварамі, 41,1% экспарту.

А гэта загрузка нашых вытворчасцей, праца на павелічэнне аб'ёмаў, выручка нашым прадпрыемствам, канкрэтны заробак тым, хто на іх працуе.

Зняцце забароны на перамяшчэнне праз расійска-беларускую мяжу, уведзенай у сувязі з эпідэміялагічнымі нормамі. Гэта тое, што чакалі грамадзяне дзвюх краін, тое, што было штучна надуманым бар'ерам. Будзе перамяшчацца працоўная сіла, людзі пачнуць аднаўляць камунікацыю, ізноў падарожнічаць.

Імкненне быць бліжэй

Беларусь усяляк старалася захаваць сувязі, якія засталіся пасля распаду СССР, з Расіяй. Мала таго, імкнулася іх прымножыць. Зрэшты, самы актыўны перыяд нашага супрацоўніцтва прыпаў на апошнія паўтара-два гады, і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў на гэтым робіць асаблівы акцэнт. Паводле яго слоў, працэс перафарматавання сусветнага парадку зараз паскорыўся, актывізавалася фарміраванне шматпалярнага ўладкавання свету:

— Нашае збліжэнне ў апошнія гады абумоўлена імкненнем нашых народаў быць бліжэй, жыць найперш у адной эканамічнай прасторы. На гэта былі накіраваны і практычныя крокі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, якія ў лістападзе 2021 года зацвердзілі 28 саюзных праграм, рэалізацыя якіх стварыла асаблівыя ўмовы ў двухбаковых адносінах.

Мы сталі лепш разумець адзін аднаго, арыентуемся на адны мэты і задачы, у тым ліку ў збліжэнні і гарманізацыі нашага заканадаўства ў падатковай, фінансавай, банкаўскай, мытнай сферах асабліва.
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін прама заяўляе: наша сіла - у адзінстве:

— Як бы гэта занадта эгаістычна ні гучала, але Беларусь цягам доўгага перыяду выступала ядром, якое захоўвала ідэю славянства, адзінства расійскага і беларускага народаў. Падзеі ва Украіне зараз паказалі, што ўсё гэта аказалася запатрабавана і атрымала моцнае развіццё. Мы бачым, як ачышчаецца Расiя ад «пятых калон», ад тых сіл, якія перашкаджаюць збліжэнню паміж нашымі краінамі, і як зараз інтэнсіўна развіваюцца ўсе інтэграцыйныя працэсы.

Наш адказ санкцыям

Ад тэорыі - да канкрэтных крокаў. Тым самым, якія ўплываюць на жыцьцё простых людзей. Важным каталізатарам стала падпісанне 28 саюзных праграм. Зрэшты, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Уведзеныя «дэмакратычным» Захадам санкцыі супраць нашых дзяржаў фактычна далі глебу для актуальных рашэнняў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: - Саюзная дзяржава для Беларусі - прыярытэт з прыярытэтаў. Разам мы стварылі ўнікальную інтэграцыйную мадэль, дзякуючы якой забяспечваюцца роўныя правы беларусаў і расіян, паглыбляецца эканамічнае ўзаемадзеянне. Мы актыўна супрацоўнічаем па розных кірунках і нацэлены на далейшае пашырэнне саюзнай інтэграцыі, абараняем адзіныя для нашых брацкіх народаў гістарычныя і маральныя каштоўнасці. (4 лістапада 2021 года, на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы.)

Вось прыклад. Прэзідэнт на нядаўняй нарадзе па пытаннях гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ параўнаў збожжа з золатам і нават нафтай. Напярэдадні ж падкрэсліў: цяперашняя сітуацыя з харчаваннем у свеце, калі попыт на прадукты харчавання расце шалёнымі тэмпамі, - гэта шанц узняць сельскую гаспадарку. Доктар эканамічных навук, прафесар Валерый Байнеў развівае тэму: у свеце ідзе вайна брэндаў - рэальнай эканомікі, на баку якой знаходзіцца Беларусь, Расія і яшчэ 80 працэнтаў насельніцтва зямнога шара, і віртуальнай:

— Быў час, калі некаторыя з нас смяяліся: вось, беларусы закопваюць вясной у зямлю зерне, калі трэба займацца фінансамі, развіваць біржы, прадаваць, купляць і іншае. А беларусы ціхенька ўпарта закасалі рукавы і прыводзілі зямлю ў парадак. А яна іх узнагароджвала, узнагароджвае і будзе ўзнагароджваць. Таму ў нас ёсць рэальны хлебушак, збожжа, рэальныя ўгнаенні…

Сельская гаспадарка немагчыма без тэхнікі. Гэта цягне за сабой сельгасмашынабудаванне. Сёння любая машына, любая тэхніка патрабуе чыпаў і мікрасхем. Нажаль, мы некалькі выпусцілі гэты момант. І тут зноў трэба беларускаму Прэзідэнту паставіць помнік, што ён захаваў «Інтэграл», «Планар», «Гарызонт». Можа, там мікрасхемы пакуль і горшыя. Але зараз прас без мікрасхемы не працуе, не кажучы ўжо пра тыя ж трактары.

Валерый Байнеў звяртае ўвагу і яшчэ на адзін немалаважны ў сувязі з гэтым фактар: Украіна - гэта жытніца Еўропы:

— Зразумела, што ніякай пасяўной сёлета там і не прадбачыцца. Там мінныя палі, усеяныя трупамі і кінутымі танкамі. Свет сапраўды будзе на грані голаду. І вось тут мы можам паказаць, дзеля чаго мы так беражліва ўсе гэтыя гады пеставалі наша беларускае сяло.

https://www.pvestnik.by/?p=84923