Палачане не толькі агучваюць праблемы, але і дзеляцца прапановамі

11.03.2022

Падчас чарговага прыёму грамадзян старшынёй Полацкага райвыканкама Ігарам Марковічам жыхары Полацкага рэгіёну звярнуліся па самых розных пытаннях.

Актуальная праблема, якая хвалюе жыхароў мікрараёна Громы, — праца сістэмы водаадвядзення з зямельных участкаў. Улічваючы асаблівасці рэльефу, жылой забудовы прыватнага сектара, ёсць пэўныя складанасці пры вырашэнні гэтага пытання. Падчас размовы з жыхаркай мікрараёна падрабязна абмеркаваны ўсе нюансы. Пазначана таксама і зона адказнасці саміх уласнікаў, якія павінны выконваць нормы і правілы санітарнага ўтрымання сваіх тэрыторый. Пытанне будзе вырашацца камісійна, з выездам на месца. Гэтак жа, як і зварот жыхара аг.Жарнасекі з нагоды несанкцыянаванай звалкі смецця.

Падчас асабістых зносін Ігара Марковіча з палачанамі часта гучаць прапановы па навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях. Нямала годных прыкладаў асабістага ўдзелу ў гэтым саміх грамадзян. У іх ліку - актыўная пазіцыя жыхароў асобных дамоў па пр-ту Дойліда Іаана ў частцы добраўпарадкавання гульнявых пляцовак. Старшыня ЖБСК-27, ЖБВК-76, ТУ «Аэрапорт-309» С. Э. Танана (на фота) акрэсліў праблемныя пытанні, а таксама перспектывы супрацоўніцтва са службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ігар Марковіч падтрымаў ініцыятыву грамадзян, даўшы даручэнне аддзелу ЖКГ Полацкага райвыканкама прапрацаваць варыянты аказання падтрымкі.

Нярэдкія звароты і жыхароў шматкватэрных жылых дамоў з нагоды волкасці і цвілі ў памяшканнях. Самая распаўсюджаная прычына - некарэктная эксплуатацыя вентыляцыйнай сістэмы ў кватэрах, адсутнасць натуральнага ветрання. Каб выключыць дзеянне іншых фактараў да звярнуўшайся на прыём палачанцы выедуць спецыялісты.

У ходзе прыёму грамадзян разгледжаны і прыватныя звароты, дадзены неабходныя тлумачэнні спецыялістаў служб і ведамстваў Полацкага райвыканкама.

https://www.pvestnik.by/?p=84286