Абноўленую кнігу аб ваеннай трагедыі ва ўрочышчы Пяскі прэзентуюць у Полацку

11.03.2022

Сёння ў Полацку прэзентуюць абноўленую кнігу "Урочышча Пяскі - тэрыторыя смерці", у якой з'явіліся дадатковыя архіўныя звесткі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.

Урочышча Пяскі ў Полацку - месца спачыну дзясяткаў тысяч чалавек: ваеннапалонных салдат Чырвонай Арміі, партызан, патрыётаў і мірных жыхароў, схопленых акупантамі. Прысвечаная гэтаму трагічнаму месцу кніга, якая выйшла другім выданнем, дапоўнена новымі звесткамі. Акрамя апісання размешчанага тут мемарыяльнага комплекса памяці ахвяр фашызму, у ёй утрымліваюцца ўспаміны ваеннапалонных з лагераў, якія размяшчаліся паблізу Полацка.

"У 2012 годзе выйшла першае выданне кнігі. З тых часоў з'явіліся новыя дадзеныя з Нацыянальнага архіва Беларусі, а таксама архіваў Расіі і Германіі. Гісторыі палонных, якія беглі з лагера, прарваліся да сваіх і пазней удзельнічалі ў баях за Радзіму, запісы з асабістых архіваў былых вязняў - усё гэта дапаўняе кнігу цяпер. У дадатку да яе пералічаны імёны людзей і назвы арганізацый, якія ўносілі ахвяраванні на будаўніцтва мемарыяльнага комплекса "Урочышча Пяскі". Я лічу, што яны таксама пакінулі свой след у гісторыі, зрабіўшы добрую справу. І яшчэ не варта забываць, што мемарыяльны комплекс з'яўляецца міжнародным праектам, у якім удзельнічалі жыхары гарадоў-пабрацімаў Полацка - Фрыдрыхсхафена, Электрасталі. Можна сказаць, што гэта агульны боль, якi аб'ядноўвае розныя народы гісторыя, якую трэба памятаць усім", - адзначыў аўтар кнігі Сяргей Копыл.

Ён дадаў, што праца над кнігай будзе працягвацца. Знойдзеная ў архівах Германіі аэрафотаздымка наваколляў Полацка дае здагадку аб новых масавых месцах пахавання як раз насупраць мемарыяльнага комплекса - на іншым беразе Палаты. Ва ўрочышчы былі выяўлены фрагменты абмундзіравання італьянскіх салдат, і іх удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Полацкай зямлі таксама можа стаць новым аб'ектам для вывучэння. "Гэта не проста актуальная ў гэты Год гістарычнай памяці дакументальная праца, гэта вялікая частка майго жыцця. Мне хочацца данесці да чытачоў, што вайна не нясе ў сабе нічога добрага, а толькі боль і пакуты", - падзяліўся Сяргей Копыл.

Крыніца: belta.by