Полацкі малочны камбінат у ліку пераможцаў рэспубліканскай прэміі «Лідар спажывецкага рынку-2021»

09.03.2022

Удзел у прэстыжных конкурсах на працягу апошніх месяцаў прынёс нямала яркіх перамог у скарбонку ААТ «Полацкі малочны камбінат».

Камбінат трапіў у лік пераможцаў рэспубліканскай прэміі «Лідэр спажывецкага рынку - 2021», арганізатары якой ацэньвалі працу кампаній, перш за ўсё, на айчынным рынку ў няпросты для беларускай эканомікі перыяд. Сярод найлепшых названы некалькі відаў прадукцыі полацкіх малакаперапрацоўшчыкаў.

За поспехамі прадпрыемства заўсёды стаіць канкрэтны чалавек, кіраўнік. Таму цалкам лагічна і заслужана генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Сафронаў стаў уладальнікам дыплома «Лідэр кіравання» - за высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць і эфектыўнае кіраванне вытворчасцю.

Пры падвядзенні вынікаў конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» у ліку лепшых харчовых тавараў Беларусі таксама былі названы прадукты Полацкага малочнага камбіната - масла і смятана. У актыве палачан і дыплом «Стабільная якасць», які ўручаецца прадпрыемству, прадукцыя якога перамагала ў конкурсе пяць і больш разоў запар.

Сёння ў асартыменце камбіната больш за 50 найменняў вырабаў, якія выпускаюцца пад гандлёвымі маркамі «Сафійка» і «Мі-Шу!», яны займаюць сваю, унікальную нішу на рынку, і не толькі, дарэчы, айчынным, але і замежным.

Начальнік аддзела маркетынгу і збыту ААТ «Полацкі малочны камбінат» Алеся Іванова падзялілася такой актуальнай інфармацыяй: знакамітыя глазураваныя сыркі «Панда», якія даўно ўжо з'яўляюцца яркім брэндам полацкіх малакаперапрацоўшчыкаў, прадпрыемства стала пастаўляць ва Узбекістан у замарожаным выглядзе, што, натуральна, павялічвае тэрміны прыдатнасці гэтай папулярнай прадукцыі. Хутка туды будзе адпраўлена ўжо трэцяя партыя. Дарэчы, паводле маркетынгавых даследаванняў адной з папулярных гандлёвых сетак, паведаміла Алеся Аляксандраўна, сыркі «Панда» уваходзяць у тройку лідэраў продажаў - як натуральныя, без пальмавага алею, без кіслаты, таму яны карыстаюцца павышаным попытам.

Значнай падзеяй мінулага года стаў і ўдзел прадпрыемства ў нацыянальнай экспазіцыі на цэнтральнаазіяцкай Міжнароднай выставе FoodExpo Qazaqstan у Алматы.

- Нам удалося не толькі ярка прадставіць нашу кампанію і пазнаёміць вядучых гульцоў малочнай галіны Казахстана са сваёй прадукцыяй, але і заключыць два новыя кантракты на пастаўку натуральнай малочнай прадукцыі на суму 50 мільёнаў рублёў кожны, - распавяла Алеся Іванова. - Акрамя таго, дасягнуты дамоўленасці аб працягу супрацоўніцтва з кампаніяй АТ «Еўразіян Фудс». Паспяхова прайшлі таксама перагаворы з нашымі дзелавымі партнёрамі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і Казахстана, у ходзе якіх абмяркоўваліся магчымасці павелічэння аб'ёмаў продажаў і пашырэння асартыменту.

Цяпер на Полацкім малочным камбінаце на парадку дня – чарговы крок у бок інтарэсаў спажыўцоў, і гэта добрая навіна для тых, хто аддае перавагу карыснай прадукцыі і вядзе здаровы лад жыцця: тут асвойваюць новы від фасоўкі малака і кефіру ў 1,5-літровыя ёмістасці. Бо малака шмат не бывае, ці не праўда?

Фота прадстаўлена аддзелам маркетынгу і збыту прадпрыемства.

https://www.pvestnik.by/?p=84207