Для падтрымання баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў лютым-маі 2022 года будуць прызваны грамадзяне Рэспублікі Беларусь мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, грамадзяне прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку, а таксама на службу ў рэзерве грамадзяне з ліку студэнтаў 1-га курса ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь сельскагаспадарчага профілю, якія маюць права на адтэрміноўку ад прызыву для прадаўжэння адукацыі і выказалі жаданне прайсці такую службу.
Акрамя таго, прадугледжана звальненне ў запас вайскоўцаў тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы.
Дакументам таксама ўстаноўлена, што пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС грамадзяне, прызваныя на тэрміновую ваенную службу:
- накіроўваюцца ў воінскія часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання;
- прызначаюцца на вайсковыя пасады, не звязаныя з працамі па эксплуатацыі крыніц іянізавальнага выпраменьвання і звышвысокіх частот.
«Прыняцце Указа дазволіць рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам своечасова правесці мерапрыемствы па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве», - паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы.
Указ уступае ў сілу з 11 лютага 2022 г.
Крыніца: pvestnik.by