Аднак, падвяргаючы крытыцы зробленае кімсці або пераканана выказваючыся на тэму, пра якую маем уяўленне на ўзроўні выпадкова прачытанай на прасторах інтэрнэту публікацыі, ці задумваемся пра правамернасць сваіх меркаванняў?
Рэальная карціна дня: у перапоўненым аўтобусе ў ахоўных масках усяго 4-5 пасажыраў. Усе прышчэпленыя? Наўрад цi. Сябе не беражэм, грэбуем небяспекай, якую ўяўляем для навакольных, але абураныя выказванні пра чэргі ў паліклініках і пра тое, што лекара пры выкліку на дом даводзіцца чакаць доўга, гучаць з усіх бакоў. COVID-19 распаўсюджваецца лавінападобна, накрываючы чарговы хваляй усіх, незалежна ад узросту. Узнікае лагічнае пытанне: што зрабілі і што робіце асабіста вы, каб знізіць рызыку заражэння? Абураемся…
Набліжаецца час традыцыйных лыжных стартаў. Толькі набліжаецца, а незадаволеныя каментары гучаць ужо зараз: «Праводзіць спаборніцтвы ў пандэмію небяспечна для здароўя!» Ніхто не спрачаецца: ад масавых мерапрыемстваў ва ўмовах уздыму захворвання лепш устрымацца. Хоць «падчапіць» вірус на свежым паветры верагоднасць значна ніжэй, чым, скажам, у чарзе ля касы, дзе, зноў жа, у масках далёка не ўсё. Атрымліваецца, у краме віруса мы не баімся, а вось лыжня — падстава для негатыўных выказванняў.
Нягледзячы на складаную эпідэмічную абстаноўку, жыццё працягваецца. Пры ўсім жаданні ізаляваць усіх і ўся не атрымаецца ніяк. Працуюць прадпрыемствы, аб'екты гандлю, установы адукацыі, курсіруе грамадскі транспарт... Прышчэпленыя і не, здаровыя і хварэючыя, у масках і без - усё побач, як той казаў, на адным караблі. Вось толькі розныя рызыкі. Тыя, хто паклапаціўся аб своечасовай прышчэпцы і, паважаючы навакольных, не дазваляе сабе ігнараваць масачны рэжым, маюць значна больш шанцаў застацца здаровымі. А вось тыя, хто тыражуе тэорыі пра шкоду прышчэпак, бравіруе ўяўнай непаражальнасцю, ігнаруючы здаровы сэнс і элементарныя правілы грамадскай гігіены, маюць іншыя перспектывы.
Чуючы замест падзякі незадаволеныя рэплікі з нагоды таго, што «зрабілі, вядома, але маглі б і па-іншаму», хочацца сказаць: «Зрабіце асабіста вы для пачатку хаця б нешта, а ўжо потым з веданнем справы крытыкуйце, калі ў Вас выйшла лепш ці вы хаця б паспрабавалі».