Дзень горада пройдзе 27-29 мая пад дэвізам «Полацк - тэрыторыя адзінства»

04.02.2022

Сёлета Полацк адзначыць 1160-годдзе. Згодна з рашэннем Полацкага райвыканкама, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада, пройдуць 27-29 мая пад дэвізам «Полацк — тэрыторыя адзінства».

Аргкамітэт пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Сяргея Леўчанка ужо пачаў падрыхтоўку да святкавання.

Цяперашні юбілейны Дзень горада абяцае стаць запамінальным і яркім. Нараўне з ужо ўпадабанымі палачанам і гасцям горада праектамі, такімі, як Горад майстроў, плануецца правесці комплекс мерапрыемстваў «Ганзейскія дні ў Полацку», літаратурны форум «Цэнтр Еўропы», фестываль беларускай кухні, мерапрыемствы рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Вясновы букет», а таксама маштабны праект «Шэдэўры музычнага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі» і многае іншае.

На сайце Полацкага райвыканкама працуе банк ідэй, куды кожны ахвотны можа ўнесці прапановы. Найбольш арыгінальныя і канструктыўныя будуць прыняты ў распрацоўку.

Крыніца: pvestnik.by