Полацкая моладзь далучылася да акцыі «Адкрыты дыялог «Сіла закона»

06.01.2022

27 снежня апублікавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І ўжо ў першыя дні студзеня пачалося яе актыўнае абмеркаванне. На мінулым тыдні прайшлі першыя дыялогавыя пляцоўкі ў працоўных калектывах і сярод моладзі.

Удзельнікамі першага адкрытага дыялогу «Сіла закона» сталі члены Маладзёжнага парламента пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў і лепшыя прадстаўнікі працоўнай моладзі, члены Полацкай РА ГА «БРСМ». Спікерамі выступілі Таццяна Палушкіна, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Іосіф Грыбовіч, старшыня Полацкага раённага Савета дэпутатаў, Ірына Дзёмінава, старшыня Полацкай РА РГА «Белая Русь», Дарына Катушонак, другі сакратар Полацкага РК ГА «БРСМ».

- Галоўны наш пасыл - папрацаваць над праектам змяненняў і дапаўненняў Асноўнага закона, абмеркаваць асноўныя новаўвядзенні і ўнесці свае прапановы і пытанні, — адкрыла дыялог Ірына Мікалаеўна.

Усяго ўнесена 77 змяненняў, з'явілася 11 новых артыкулаў, апублікаваны 1 новы параграф.

Таццяна Палушкiна распавяла прысутным аб прапанаваных зменах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Акцэнтавала ўвагу на ўзмацненні ролі народаўладдзя ў абноўленым праекце Асноўнага закона, замацаванні сямейных і маральных каштоўнасцяў у грамадстве, захаванні нацыянальных каштоўнасцяў беларускага народа, забеспячэнні захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, павелічэнні адказнасці чалавека за сваё здароўе. Таксама Таццяна Генадзьеўна, адзначыла, што вельмі сімвалічна, што важная палітычная падзея праходзіць на стыку Года народнага адзінства і Года гістарычнай памяці, яна ўпэўнена, што новая канстытуцыя павінна будавацца на вопыце пакаленняў, і наватарскіх ідэй моладзі. Іосіф Грыбовіч распавёў аб працы Канстытуцыйнай камісіі, спыніўся на гістарычным аспекце рэферэндумаў у суверэннай Рэспубліцы Беларусь.

Дарына Катушонак, у сваю чаргу, падкрэсліла, што моладзь павінна актыўна ўдзельнічаць у развіцці сваёй дзяржавы, а канстытуцыйная рэформа накіраваная менавіта на гэта.

Удзельнікі мерапрыемства актыўна ўключыліся ў гутарку. Іх цікавілі многія палажэнні праекта Канстытуцыі. У іх ліку - узроставы цэнз і цэнз грамадзянства для заняцця пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчая сістэма, права электарату, інстытут шлюбу і сям'і, паняцця «персанальныя дадзеныя» і «прыватнае жыццё», захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа.

У заключным слове Ірына Мікалаеўна заклікала кожнага грамадзяніна прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паказаўшы якім чынам гэта можна ажыццявіць.

Прапановы і заўвагі ў праект можна ўнесці, звярнуўшыся: у грамадскую прыёмную раённай арганізацыі «Белая Русь» (вул. Ф. Скарыны, д. 8, Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, у аўторак і чацвер з 17.00 да 19.00. па тэлефоне гарачай лініі па будных днях з 10.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00, тэлефон: 8 (214) 46-26-44. На сайт Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі; напісаўшы ў Instagram Полацкай РА РГА «Белая Русь» (https://www.instagram.com/belaya_rus_polotsk/).

Фота Віктара Чарняўскага.

https://www.pvestnik.by/?p=81664