Новая ўдзельніца праекта «Актыўнае пакаленне» – старэйшына вёскі Якубенкі Баравухскага сельсавета Валянціна Якаўлеўна Загараднюк

05.01.2022

З Валянцінай Якаўлеўнай мы сустрэліся ў яе гарадской кватэры ў Наваполацку. «Сумую па вёсцы, - прызналася яна. - Збіралася гэту зіму правесці там, але па стане здароўя прыйшлося вярнуцца ў горад»

Мая суразмоўца родам з Верхнядзвінскага раёна. У 1978 годзе згарэў бацькоўскі дом, у Наваполацк да Валянціны мама адмовілася ехаць – толькі ў вёску. І дзеці перавезлі маму ў Якубенкі, дзе жыла яе сястра. Там купілі ёй домік. З тых часоў Якубенкі сталі роднымі для Валянціны Якаўлеўны, а затым і для яе дзяцей.

- Я працавала ў Наваполацкім будтрэсце №16 стропальшчыцай — успамінае Валянціна Якаўлеўна. - А пасля заканчэння Наваполацкага нафтавага тэхнікума - майстрам. Выхадныя - адразу ў вёску. 25 гадоў таму пайшла на пенсію і цяпер ужо больш часу праводжу ў Якубенках. У нас добра, людзі дружныя, кожны імкнецца сваё падвор'е ўтрымліваць у парадку, працуе на сваім участку. Хтосці пчол разводзіць, хтосці ўсталёўвае ў двары арыгінальныя вырабы, у кагосці дом патанае ў кветках…

Ды і ў маёй суразмоўніцы летам на падворку, можна сказаць, кветкавы рай. Півоні, цюльпаны, нарцысы, лілеі, вяргіні, рамонкі ... «Асабліва люблю аксаміткі і цыніі - квітнеюць да самых маразоў», - кажа. З задавальненнем займаецца гароднінай-садавіной. У памагатых дачкі Вольга і Алена. У старэйшай Святланы свая дача ў Клясціцах, але і да мамы наведваецца.

Валянціне Якаўлеўне - за 80. Здавалася б, можна і адпачыць. Але яна не з тых, хто любіць спакой. Энергічная, неабыякавая. Нездарма ўжо каля 20 гадоў старэйшына вёскі.

- На месцы мне не сядзіцца, - кажа яна. - Выйду, прайдуся па вуліцы, аднавяскоўцы спыняюць: трэба параіцца, пракансультавацца, а то і паскардзіцца. Патрэбна дапамога? Дапамагчы. І не таму, што старэйшына. Натура такая. Апошняе аддам. Людзей трэба аб'ядноўваць. Што і стараюся рабіць.

Так, летась работнікі Кушлікоўскага СДК прапанавалі правесці свята вёскі. Чаму б і не? Сустрэлася Валянціна Якаўлеўна з усімі аднавяскоўцамі - ніхто не адмовіўся. І месца хутка знайшлі - у альтанцы ў аднаго з мясцовых жыхароў. Кожны прыйшоў з дачнымі дарамі. Толькі адна жанчына па стане здароўя не змагла, так аднавяскоўцы самі наведаліся да яе. Разам з работнікамі СДК вяскоўцы спявалі, танцавалі, а самым актыўным, і перш за ўсё старэйшыне, уручылі граматы. Вырашылі кожны год праводзіць такія святы. Ужо і альтанку ў адным падворку нагледзелі…

Зрэшты, аб'ядноўваюць людзей не толькі святы, але і сумесныя справы, якіх, вядома, з лішкам хапае ў вёсцы ў любы час года. Траву трэба абкасіць у крыніцы, і калодзеж адрамантаваць, і дарожкі ад снегу пачысціць. І самой даводзіцца многае рабіць, і дочкі дапамагаюць, і аднавяскоўцаў прыцягвае.

- Чаму я такая няўрымслівая? – усміхацца. - Не магу займацца ... марнаваннем. З дзяцінства. У 10 гадоў узяла ў рукі касу, потым сякеру, пілу, каромыслы з вёдрамі. Тата памёр рана, мама засталася адна з намі, траімі. Трэба было дапамагаць.

- Нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці ў вас столькі аптымізму. Адкуль ён у вас? Што дае вам натхненне ў жыцці? – пытацца.

- Лес, - не задумваючыся, адказвае. - Ён для мяне ўсё. Люблю збіраць ягады-грыбы. Проста гуляць па лесе. І летам, і зімой. Прыму такую «лясную ванну» - нібы зноўку на свет нарадзілася.

...А доўгімі летнімі вечарамі ў доме Валянціны Якаўлеўны доўга гарыць агеньчык. Любіць яна вязаць. Для дзяцей, унукаў, і пакуль адзінай праўнучкі. Вяжа кручком і шнуры з штучных нітак (у гаспадарцы заўсёды спатрэбяцца), і кілімкі. Але заўсёды на бачным месцы ляжыць дарожка, якую ткала яшчэ мама. Вышывае карціны, і дачку Вольгу прывучыла да гэтага мастацтва.

Тут, у горадзе, яна думае аб сваіх родных Якубенках. Засумавала! Хутка адправіцца ў шлях.

https://www.pvestnik.by/?p=81606