Жыхары мікрараёна Лазоўка атрымалі выдатны падарунак - адкрылася крама ААТ «Полацк-гандаль»

04.01.2022

Напярэдадні Новага года жыхары мікрараёна Лазоўка атрымалі выдатны падарунак - пасля капітальнага рамонту пад ужо знаёмым палачанам брэндам «Любімы» адкрыўся магазін ААТ «Полацк-гандаль» №47.

Гандлёвы аб'ект зведаў кардынальныя перамены: на 25 квадратных метраў павялічылася гандлёвая зала, устаноўлена новае абсталяванне, што дазволіла па максімуму прадставіць усе групы тавараў. І гэта абавязкова адаб'ецца на тавараабароце.

Аляксандр Каладынскі, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, перарэзаўшы сімвалічную чырвоную стужачку на ўваходзе, адзначыў: «Чарговы аб'ект, цалкам мадэрнізаваны, прымае першых пакупнікоў. Практыка паказвае, што падобныя перамены прыкметна адбіваюцца на павышэнні эфектыўнасці работы прадпрыемства. Упэўнены, што магазін у мікрараёне складзе годную канкурэнцыю гандлёвым сеткам».

Дырэктар ААТ «Полацк-гандаль» Алена Андрэева звярнула ўвагу, што змяніўся не толькі магазін, але і тэрыторыя побач – прылеглая тэрыторыя заасфальтавана, што дазваляе зручна прыпаркаваць машыны. Гэта немалаважна, так як крама размешчаны ля трасы. Адпраўляючыся на дачы ці ў бліжэйшыя вёскі, пакупнікі абавязкова будуць рабіць тут неабходныя пакупкі. І гэта выгадна ўсім. «У цяперашні час мы прапануем шырокі асартымент тавараў па прывабных цэнах. А ў далейшым будзем вывучаць попыт, прапаноўваць тое, што запатрабавана пакупнікамі», — сказала Алена Анатольеўна.

ААТ «Полацк-гандаль» выконвае важную сацыяльную задачу па забеспячэнні неабходнымі таварамі жыхароў перыферыйных мікрараёнаў. Фармат «Крама каля дома» апраўдаў сябе ў поўнай меры. Няма сумневу, што чарговы «Любімы», здабыўшы новае жыццё, будзе не толькі любiмым, але і запатрабаваным.

https://www.pvestnik.by/?p=81569