Прафсаюзы: грэчка, агуркі і салодкі перац значна падаражэлі ў снежні 2021

04.01.2022

З 1 студзеня 2022 г. уступіла ў сілу пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2021 г. №79 «Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары».

Дзеянне дакумента ў значнай ступені распаўсюджваецца на прадукты, раней выключаныя з пераліку сацыяльна значных тавараў (у тым ліку на некаторыя віды круп, агародніны, каўбасныя вырабы, рыбу і г.д.).

Нагадаем, у снежні 2021 г. урадам быў скарочаны спіс прадуктаў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. З 62 пазіцый засталося 29. Гэта выклікала заканамерную занепакоенасць прафсаюзаў, якія чакалі істотнага росту коштаў на гэту групу тавараў пасля адмены абмежаванняў.

Напярэдадні Новага года прафсаюзы правялі чарговы маніторынг коштаў. Паводле дадзеных, у снежні ў адносінах да лістапада 2021 г. кошты на выключаныя з пераліку тавары, у асноўным, засталіся на ранейшым узроўні.

– Разам з тым, некаторыя тавары падаражэлі больш істотна: перац салодкі – на 24,7%, каўбаса вараная другога гатунку і бессартавая – 3,9%, крупы грачаныя – 12,5%, крупы манныя – 4,7% , агуркі - 38,4%, печань ялавічная - 3,1%, печань свіная - 8,4%, памідоры - 4,9%, рыс - 3,8%, рыба жывая - 5,4%, сэрца ялавічнае - 6 ,5%, чай чорны байхавы - 3,2%, часнык - 7,3%, - распавёў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Пазнякоў.

Па яго словах, найбольшы рост коштаў на грачаныя крупы адзначаецца ў Мiнску (па асобных крамах ён склаў ад 17 да 22%), па астатніх рэгіёнах - у сярэднім 3,2%.

Варта адзначыць, што з 1 студзеня 2022 г. дзяржаўнае рэгуляванне цэн на названыя тавары будзе ажыццяўляцца з дапамогай новага механізму - устанаўлення гранічнага максімальнага нарматыву рэнтабельнасці, які выкарыстоўваецца для вызначэння сумы прыбытку, якая падлягае ўключэнню ў адпускныя цэны вытворцаў. Указаная пастанова будзе дзейнічаць на працягу 90 дзён.

https://www.pvestnik.by/?p=81553