Удзельнікі майстар-класаў у Полацку змогуць упрыгожыць ёлку ва ўнікальным інтэр'еры музея-бібліятэкі

07.12.2021

У перадсвяточныя снежаньскія выхадныя ў Музеі беларускага кнігадрукавання адкрыецца «Музейная майстэрня», паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Удзельнікі майстар-класаў змогуць зрабіць шар і ёлачнае ўпрыгожванне з фаамірана, званочкі з падручных матэрыялаў. Толькі наведвальнікі майстэрні атрымаюць магчымасць упрыгожыць сапраўдную музейную ёлку і прыняць удзел у фотасесіі ва ўнікальным інтэр'еры Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. Прастора аформлена ў стылі заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII-ХVІІІ стагоддзяў: двухузроўневае размяшчэнне кніжных шаф, бюсты вучоных і філосафаў, чытальная зала і ў цэнтры вялікі глобус, што апускае ў атмасферу часоў жыцця і культурнай дзейнасці Сімяона Полацкага.

Музейная майстэрня будзе адкрыта 11, 18 і 26 снежня. На майстар-класы запрашаюцца дзеці ад 8 год. Колькасць месцаў абмежавана, для ўдзелу трэба папярэдне запісацца па тэлефонах 8 (0214) 43-90-73 і 8 (0214) 46-57-25.

Крыніца: https://www.belta.by