Палачане разважаюць аб вакцынацыі

05.11.2021

Выпрацоўка калектыўнага імунітэту - рэальная магчымасць спыніць пандэмію каранавiруснай інфекцыі. І ў гэтым вызначальную ролю адыгрывае вакцынацыя.

На жаль, меркаванні наконт прышчэпак выказваюцца розныя, часта дыяметральна супрацьлеглыя. Адны катэгарычна абвяргаюць іх эфектыўнасць і неабходнасць, іншыя ж ідуць у прышчэпачныя кабінеты, каб абараніць сябе і блізкіх ад падступнай інфекцыі. Мы паразмаўлялі з тымі, хто прышчапіўся ад Covid-19.

Андрэй Казанцаў, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту:

— Прызнаюся, я не быў прыхільнікам вакцынацыі. Лічыў сябе здаровым, ніколі і ад грыпу не прышчэплiваўся. Мая жонка медыцынскі работнік, увесь час знаходзіцца ў кантакце з хворымі. Распавядала, як цяжка хварэюць людзі, асабліва з ліку не прайшоўшых вакцынацыю. Жонка зрабіла прышчэпку, і я рушыў услед яе прыкладу. Верыць трэба не апавяданням тых, хто не мае ўяўлення аб рэальным становішчы спраў, а прафесіяналам, якія валодаюць неабходнымі ведамі.

Сяргей Аваднёў, начальнік Полацкага ГРАНС:

— Задача нашага падраздзялення — папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый. Мы заўсёды павінны быць у страі. Аб Covid-19 ведаю не па чутках, сам хварэў падчас першай хвалі даволі цяжка, практычна месяц. Вакцынацыя - гэта магчымасць абараніць не толькі сябе, але і сваіх блізкіх. Каб спыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ў цэлым і сярод працаўнікоў аддзела ў прыватнасці, я і мае калегі прышчапіліся.

Яўгенія Кісялёва, юрысконсульт эканамічнага каледжа:

— Да вакцынацыі падышла адказна. Вывучыла літаратуру, даведалася, якія вакцыны прымяняюцца ў нашай краіне. Зразумела, што прышчэпка стымулюе арганізм да выпрацоўкі антыцелаў і забяспечвае абарону ад хваробы. Таму пытання аб тым, прышчапляцца ці не, не ўзнікала. Для мяне гэта значыць абараніць не толькі сябе, але і навакольных.

Вячаслаў Шпакоўскі, супрацоўнік Полацкага аддзела Дэпартамента аховы:

— Бачу, як вакол усе хварэюць, шмат хто досыць цяжка. На бальнічным ложку аказацца зусім не хочацца. У мяне з каранавіруснай інфекцыяй сутыкнулася жонка, даволі доўга хварэла, на шчасце, абышлося без шпіталізацыі. Так што як толькі з'явілася магчымасць, зрабіў прышчэпку і не шкадую, бачачы, якая няпростая чацвёртая хваля.

Ірына Валчкова, спецыяліст па кадрах Полацкага хлебазавода:

- Першы раз перахварэла каранавіруснай інфекцыяй досыць цяжка, таму, калі з'явілася вакцына, адразу прышчапілася. Аднак з Covid-19 зноў сутыкнулася, праўда, даведалася аб тым, што хварэю, толькі калі здала ПЦР-тэст. Ніякіх сімптомаў не было. Упэўнена, што прышчэпка зрабіла сваю справу, хутка пайду на рэвакцынацыю. Магу таксама адзначыць, што і многія мае знаёмыя прайшлі вакцынацыю. Для нас гэта стандартная працэдура. Трэба берагчы сябе і сваіх блізкіх.

https://www.pvestnik.by/?p=80132