У верасні ў Полацку хлапчукоў нарадзілася крыху больш, чым дзяўчынак

14.10.2021

Нараджэнне дзіцяці - гэта заўсёды цуд! Цуд, якога ты чакаеш так доўга. Кожны дзень ты глядзіш у люстэрка, уяўляеш якім яно будзе, што будзе любіць, кім яно захоча стаць. І вось гэты цуд адбыўся: ваша першая і самая галоўная сустрэча. Прывітанне, маляня!..

А колькі такіх сустрэч адбылося па горадзе Полацку і Полацкім раёне ў верасні? Мы пацікавіліся ў аддзеле загс Полацкага райвыканкама. І вось што атрымалася. За месяц хлапчукоў нарадзілася крыху больш, чым дзяўчынак: 32 волата і 29 прынцэс. Некалькі сем'яў стала шматдзетнымі - у іх з'явілася трэцяе дзіця. Прыемна, што ў Полацку ёсць бацькі, у якіх на свет з'явіліся чацвёрты і пяты малыя. Усяго такіх шчасліўцаў - чатыры. І на адну ячэйку грамадства, дзе на свет з'явілася шостае дзіця, у нашым раёне стала больш. Нараджэнне дзіцяці заўсёды хвалюючая падзея. А калі іх з'яўляецца на свет адразу двое, то гэта становіцца падзеяй не толькі для бацькоў, але і для раёна. За мінулы месяц на свет з'явілася дзве двойні.

Самыя папулярныя жаночыя імёны - Аліса, Міраслава, Сафія, Ульяна. Сваіх сыноў бацькі часцей за ўсё называлі Арсень, Арцём, Ягор, Елісей, Давід і Цімафей. Былі і бацькі, якія сваіх дзяцей назвалі рэдкімі імёнамі. У Полацку з'явіліся: Яніна, дарэчы яна ж з'яўляецца 500 дзіцем, народжаным у горадзе, Віталіна і Лiка. А вось рэдкія імёны волатаў нас здзівілі. Калісці яны былі папулярныя, і ў дварах раз-пораз сустракаліся цёзкі. Бо пагадзіцеся, сярод вашых знаёмых можна сустрэць і Ігара, і Дзмітрыя, і магчыма радзей - Васіля.

Засталіся ззаду доўгія месяцы чакання нараджэння дзіцяці, настаў час вялікіх перамен, клопатаў і радасцяў. Наперадзе ў мам і тат радасная і цяжкая праца - гадаваць чалавека. Хай малыя вырастуць добрымі і спагаднымі, стануць сапраўднай апорай вам і тым, каму яны падораць потым сваю любоў і ўвагу.

https://www.pvestnik.by/?p=79597