У Полацку прайшоў II адукацыйны форум ГА «БРПА»

12.10.2021

На мінулым тыдні Полацк стаў пляцоўкай II адукацыйнага форуму лідараў грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» «ВажаТЫ».

Папоўніць свой прафесійны багаж сабраліся старэйшыя важатыя піянерскіх дружын, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці, старшыні тэрытарыяльных саветаў, таксама прыехалі і госці са Смаленска і Вязьмы, якія прадстаўляюць агульнарасійскую грамадскую арганізацыю «Расійскі саюз моладзі» і дзіцяча-юнацкую арганізацыю «Расійскі рух школьнікаў». Упершыню ў працы форуму прынялі ўдзел члены дзіцячай Палаты Віцебскага абласнога савета ГА «БРПА».

У СШ № 18 ім.Еўфрасінні Полацкай падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў форуму павітала начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы Полацкага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Ганна Гарбуля, якая пажадала ўсім плённай працы. Звярнуліся да прысутных і ганаровыя госці: старшыня Віцебскага абласнога савета ГА «БРПА» Ірына Еленская і старшыня Смаленскай абласной Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскі Саюз Моладзі».

Двухдзённая праграма форуму была вельмі насычанай.

Адукацыйны модуль «Важаты будучыні» быў прадстаўлены чатырма тэматычнымі пляцоўкамі, на якіх удзельнікі вывучалі дэталі і нюансы развіцця дзіцяча-маладзёжнага руху, інтэрактыўныя і праектныя формы працы ў піянерскіх дружынах, алгарытмы супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, пазнаёміліся з вопытам работы Смаленскай абласной арганізацыі Агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскі Саюз Моладзі».

Важнай часткай форуму сталі пленум і Public message «PR-Піянер» дзіцячай Палаты Віцебскага абласнога савета ГА «БРПА», лідэрскі цімбілдынг «Team spirit», адкрыты дыялог у рамках рэспубліканскага праекта «Сустрэчы на ўсе 100», які прайшоў у фармаце пытанне-адказ. Удзельнікі абмяняліся ідэямі аб перспектывах развіцця піянерскага руху, была закранута тэма далейшага міжнароднага супрацоўніцтва маладзёжных арганізацый.

Яркім завяршэннем першага дня стаў Open-air марафон «БРПА - гэта крута!» на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку цэнтра дзяцей і моладзі. Тут пасля напружанай працы ўдзельнікаў форуму чакалі квэст-спаборніцтвы, цімбілдынг, вогнішча дружбы і данс-батл.

Другі дзень форуму быў таксама насычаным і пазнавальным. Старэйшыя важатыя і старшыні тэрытарыяльных саветаў ГА «БРПА» працягнулі навучанне на пляцоўках адукацыйнага модуля «Лідар будучыні». Запамінальнай для гасцей форуму стала прэзентацыя рэгіянальных гісторыка-краязнаўчых праектаў «Стужка часу», «Сяброўствам адзіныя: Полацк і гарады-пабрацімы».

Яркім фіналам стала ўрачыстае падвядзенне вынікаў працы, а таксама ўзнагароджанне ганаровымі граматамі і падзякамі самых актыўных лідараў ГА «БРПА» і тых, хто падтрымлівае і прымае ўдзел у жыцці піянерскай арганізацыі.

Крыніца: https://www.pvestnik.by/?p=79530