Дзень архівіста Беларусі

06.10.2021

6 кастрычніка архівісты Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Менавіта ў гэты дзень у 1994 г. Прэзідэнтам рэспублікі быў падпісаны Закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь», які вызначыў асновы развіцця архіўнай справы ў краіне. А з 2000 г. дзень 6 кастрычніка з'яўляецца прафесійным святам работнікаў архіўнай галіны.

Дзяржаўная архіўная служба Полацкага рэгіёну прадстаўлена ўстановай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку» і дзяржаўнай установай «Архіў Полацкага раёна і г. Полацка».

Установа «Занальны дзяржархіў у г.Полацку» ажыццяўляе камплектаванне, пастаяннае захоўванне і выкарыстанне дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Верхнядзвінскага, Лепельскага, Полацкага, Расонскага, Ушацкага раёнаў, а таксама ліквідаваных Ветрынскага і Асвейскага раёнаў. Крыніцамі камплектавання дзяржархіва з'яўляюцца 262 установы, арганізацыі і прадпрыемствы.

На 01.01.2021 г. ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку» знаходзяцца на захоўванні 2179 фондаў, 394750 адзінак захоўвання.

У цяперашні час у занальным дзяржаўным архіве г. Полацка актыўна ўкараняюцца камп'ютарныя тэхналогіі і аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы. Паступова асабліва каштоўныя дакументы пераносяцца на лічбавы носьбіт. Усё гэта робіцца для забеспячэння надзейнай захаванасці дакументаў для будучых пакаленняў. Важна ведаць, што дакументы, якія ўтвараюцца ў дзейнасці ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў утвараюць Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь, а па сканчэнні часу яны становяцца асабліва каштоўнымі. Нашы нашчадкі павінны мець магчымасць убачыць разнастайнасць гістарычных дакументаў нашай краіны. І на сённяшні дзень архівісты робяць усё магчымае для дасягнення гэтай мэты.

Гаворачы аб архіўнай службы, нельга не сказаць пра яе кадры, захавальнікаў гісторыі, сто адсоткаў якіх складаюць жанчыны. Супрацоўнікі архіва - гэта, перш за ўсё, людзі, якія валодаюць усебаковымі ведамі, вопытам работы, тыя, хто любіць сваю прафесію. У іх ліку - дырэктар Дзяржаўнага архіва Лазаронак Людміла Віктараўна, архівісты - Бярэзіна Вольга Аляксандраўна, Калбека Наталля Канстанцінаўна, Геравус Марына Віктараўна, Карагіна Лілія Мікалаеўна.

Напярэдадні прафесійнага свята, Дня архівіста, дырэктар архіва Лазаронак Людміла Віктараўна пажадала калегам: «Мы ўдзячны ўсім архівістам, якія ў розныя гады працавалі ў дзяржархіве. У нашы дні калектыў прымнажае дасягненні папярэдніх пакаленняў архівістаў. Здароўя, поспехаў, дабрабыту, аптымізму і новых дасягненняў на ніве архіўнай справы».