Прафсаюзы Полаччыны вядуць працу па добраўпарадкаванні Алеі Герояў Савецкага Саюза

15.09.2021

Дзяржава і грамадства можа развівацца, толькі засвоіўшы ўрокі мінулага. Шанаваць гісторыю - наш агульны святы абавязак.

У імя тых, хто цаной жыцця адстойваў наша мірнае неба. Гэта наша памяць, якую мы абавязаны беражліва захоўваць.

На днях у парку ля Кургана Неўміручасці прайшла прафсаюзная патрыятычная акцыя па добраўпарадкаванні Алеі Герояў Савецкага Саюза, адкрыццё якой запланавана на 17 верасня. Ініцыятарам акцыі выступіла Полацкае раённае аб'яднанне прафсаюзаў.

- Уладкаванне памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і месцаў ушанавання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — адзначае старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Вольга Захаранка. - Штогод ва ўсіх рэгіёнах краіны прафсаюзныя арганізацыі праводзяць у гэтых месцах маштабныя работы па азеляненні і навядзенні парадку. 2021 год асаблівы: усе мерапрыемствы праходзяць пад знакам Года народнага адзінства.

Ініцыятыву падтрымала Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў, якая на працягу некалькіх гадоў дапамагае раёнам у фінансаванні ўладкавання знакавых месцаў. А рэалізацыяй гэтага праекта займалася галіновая Полацкая раённая арганізацыя на чале са старшынёй Наталляй Масленікавай.

- Мы прымаем актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Ніводзін рэспубліканскі, раённы суботнік не абыходзіцца без нашага ўдзелу. Рады, што вобласць падтрымала гэту ініцыятыву, і хочам, каб гэты аб'ект быў замацаваны за намі, - прызнаецца Наталля. - Да справы падышлі з асаблівай адказнасцю: быў прадуманы план, структура, кожная расліна нясе сэнсавую нагрузку.

Для добраўпарадкавання тэрыторыі памятнага месца набыта каля 100 саджанцаў дрэў і кустоў. Працу плануецца правесці ў два этапы, у адпаведнасці з перыядам вегетацыі раслін. Наперадзе таксама высадка кветак.

План добраўпарадкавання распрацавала ТАА НВА «Праект-Канцэпт», каардынатарам выступіла начальнік фінансавага кіравання Полацкага райвыканкама Марыя Карасёва. У акцыі па высадцы дрэў і хмызнякоў таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый Полацкага раённага выканаўчага камітэта, фінансавага ўпраўлення райвыканкама, аддзела Дэпартамента аховы, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні работ аказалі спецыялісты ўчастка «Зелянгас» КУП «ЖКГ г. Полацка»

Вольга Захаранка, старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў:

- Важна не проста памятаць пра падзеі ваенных гадоў, але і справай падмацоўваць свае словы і перакананні. Менавіта так, праз учынкі, фармуецца асоба і характар чалавека. Для нас, беларусаў, такія месцы заўсёды будуць якарамі, якія не дазволяць нікому сказіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і падмяніць праўду