Палачане могуць праявіць сябе ў рэспубліканскім праекце «100 ідэй для Беларусі»

14.09.2021

Стартаваў 11-ы сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».

Конкурс накіраваны на выяўленне адоранай і таленавітай моладзі, развіццё яе навуковай дзейнасці і прасоўванне перспектыўных інавацыйных распрацовак. Дзякуючы каласальнай падтрымцы дзяржавы ён ператварыўся ў маштабны рэспубліканскі праект і за гады свайго існавання аб'яднаў тысячы ўдзельнікаў. Ідэі многіх з іх паспяхова прымяняюцца ў розных сферах, ад сельскай гаспадаркі да IT, прыносячы карысць краіне.

Да ўдзелу ў «100 ідэй для Беларусі» запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, аўтарскія калектывы і маладыя навукоўцы ва ўзросце да 35 гадоў. Традыцыйна Палажэннем вызначаны дзве асноўныя групы ўдзельнікаў: першая - навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; другая група - студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя навукоўцы. Заяўкі можна накіроўваць з дапамогай запаўнення формы на сайце 100ideas.by. Тэрмін падачы – да 10 кастрычніка 2021 года. Матэрыялы павінны максімальна выразна і зразумела апісваць праект, яго актуальнасць, навізну, мэты і задачы, якія будуць вырашаны пры рэалізацыі праекта, а таксама тэхнічныя (эканамічныя, сацыяльныя) перавагі праекта.

Далей пройдзе адбор заявак, раённыя альбо занальныя выставы маладзёжных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак з вызначэннем пераможцаў, якія прымуць удзел у абласных (Мінскім гарадскім) турах. У гэты ж перыяд свае праекты прэзентуюць прадстаўнікі НАН Беларусі. Фінальны тур запланаваны на люты 2022 года».

Вызначаны 10 намінацый праекта: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі», «Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія - і нанаіндустрыя)», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Iнфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», «Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)», «Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый», «Грамадства і сацыяльная сфера», «Лепшая бізнес-ідэя». Па выніках рэспубліканскага тура вызначаць 20 пераможцаў. Яны змогуць разлічваць на грантавую падтрымку Беларускага інавацыйнага фонду. Таксама маладыя наватары прадставяць нашу краіну і пазмагаюцца за перамогу ў міжнародным конкурсе «100 ідэй для СНД». Арганізатарамі праекта выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.