Даведайся свой горад. Вуліца Чайкінай

06.09.2021

Рашэннем №145 ад 11 сакавіка 1960 года пасяджэння выканкама Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных адна з вуліц у мікрараёне Кароўнікі названа ў гонар Лізаветы Іванаўны Чайкінай.

У Азёрным краі

Сярод блакітных азёр і бязмежных лясоў Калінінскай вобласці ёсць непрыкметная вёсачка Руно (цяпер Пенаўскi раён Цвярской вобласці). Тут 28 жніўня 1918 года нарадзілася Ліза Чайкіна. Бацькі працавалі ў калгасе. Дзяўчынка толькі ў 10 гадоў пайшла ў пачатковую школу. Менавіта тады сябры і аднакласнікі празвалі яе Чайкай. Магчымасці вучыцца далей не было, і дзяўчына займалася самаадукацыяй. Бацька Лізы быў інвалідам першай сусветнай вайны, і ўсе клопаты па ўтрыманнi сям'і ляжалі на плячах маці. Таму дзеці, якіх у сям'і Чайкінай было чацвёра, рана пачыналі працаваць. У 15 гадоў Лізу прызначылі загадчыцай хатай чытальней. Усе сілы яна аддавала грамадскай рабоце: навучала калгаснікаў грамаце, кіравала работай гурткоў мастацкай самадзейнасці. У яе былі цудоўныя арганізатарскія здольнасці.

Камсамолка Ліза

Дзяўчыну абралі сакратаром мясцовай камсамольскай арганізацыі. У 1938 годзе яна стала сябрам партыі і працавала інструктарам раённай газеты «Ленінскі ўдарнік», затым начальнікам аддзела распаўсюджвання і экспедавання друку. Паралельна вывучала аграрную навуку, прылады трактарнай тэхнікі, пачала асвойваць асновы журналістыкі. Запал маладога лідара не застаўся незаўважаным, дзяўчыну накіравалі ў горад Калінін на курсы камсамольскіх і партыйных работнікаў. Будучы дэпутатам райсавета, Ліза часта бывала ў калгасах, сустракалася з людзьмі, жыла іх патрэбамі і праблемамі. Старалася кожнаму дапамагчы.

Пара выпрабаванняў

Вялікая Айчынная вайна парушыла ўсе планы. Дзяўчына запісалася ў склад знішчальнага батальёна, навучылася карыстацца вінтоўкай і кулямётам. Напярэдадні прыходу акупантаў пры актыўным удзеле Чайкінай быў сфарміраваны партызанскі атрад з 70-ці чалавек. У складзе дыверсійнай групы Лізе трэба было падарваць мост. Пасля велізарнай разведвальнай працы атрад з гонарам выканаў пастаўленую задачу.

Апошняя разведка

22 лістапада 1941 года Ліза была адпраўлена ў Пяно з мэтай разведкі колькасці варожага гарнізона. Па шляху яна зайшла на хутар Чырвонае Пакацішча да сваёй сяброўкі, разведчыцай Марусяй Купаравай. Там яе заўважыў стараста і данёс немцам. Фашысты ўварваліся ў дом, расстралялі сям'ю, а Лізу Чайкіну павезлі ў Пяно. Нават пад катаваннямі яна адмовілася выдаць інфармацыю пра месцазнаходжанне партызанскага атрада і была расстраляна 23 лістапада 1941 года. Фашысты забаранілі хаваць партызанку. Семнаццаць дзён яе труп ляжаў на вуліцы. Толькі на васемнаццатыя суткі партызаны з дапамогай родных забралі цела ў лес і пахавалі.

У памяці народнай

Пахавана гераіня ў пасёлку Пяно. За адвагу і гераізм, праяўленыя ў тыле ворага, Лізавеце Іванаўне Чайкiнай Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 сакавіка 1942 года пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. У 1942 годзе імем дзяўчыны назвалі партызанскую брыгаду, у 1943 годзе - авіяцыйную эскадрыллю. Лётчыкі гэтага злучэння пісалі на борце самалётаў: «За Лізу Чайкіну!». А 9 мая 1945 года ў Берліне на сцяне Рэйхстага зямляк дзяўчыны Мікалай Бяляеў вывеў: «Наша Ліза». Для савецкіх людзей Ліза Чайкіна стала сімвалам нязломнай волі і мужнасці. У пасляваенны час яе імя было ўвекавечана ў розных кутках вялікай краіны. Імя партызанкі носіць музей у Цверы, цеплаход, які курсіруе па возеры Селігер. У 1978-ым і 2018-ым гадах выдадзены мастацкія маркіраваныя канверты, прысвечаныя партызанцы. Вуліцы ў Мінску, Гродне, Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах носяць імя гэтай дзяўчыны. Работнікі Мінскага аўтазавода беражліва захоўваюць памяць аб мужнасці і гераізме Лізы Чайкінай: ускладаюць кветкі да яе помніка і даглядаюць за скверам, названым у яе гонар. Традыцыйны міжнародны турнір па плаванні імя Лізы Чайкінай праводзіцца ў Мінску з 1981 года. У год 90-годдзя з дня нараджэння гераіні заснавана прэмія яе імя. Подзвігу Чайкінай прысвечаны раман Н. З. Бірукова «Чайка», паэма М.I.Камісаравай «Ліза Чайкіна», цыкл вершаў Міхаіла Святлова. Кампазітарам Маргарытай Кус напісана паэма для сімфанічнага аркестра «Чайка».