Віншаванне старшыні Полацкага райвыканкама і старшыні райсавета дэпутатаў з Днём ведаў!

01.09.2021

Паважаныя навучэнцы і настаўнікі, студэнты і выкладчыкі, бацькі! Сардэчна віншуем вас з Днём ведаў!

Гэта свята дорага кожнаму. Яно прыходзіць у наша жыццё з першым званком, застаецца з намі назаўжды лепшымі ўспамінамі аб школьным дзяцінстве і студэнцкiм юнацтве, працята пачуццём падзякі любiмым настаўнікам за набытыя ў гэты перыяд веды і вопыт.

Скончылася лета, наперадзе новы навучальны год, які, без сумневу, будзе напоўнены поспехамі, радасцямі і клопатамі. З 1 верасня пачынаецца чарговы перыяд сур'ёзнай працы, калі будзе закладзены падмурак будучых дасягненняў і перамог, які раскрывае здольнасці і таленты дзяцей.

Асабліва хвалюючым гэты дзень будзе для 1165 юных жыхароў Полатчыны, перад якімі дзверы ў краіну ведаў адкрыюцца ўпершыню. Хай для іх ён стане пачаткам новага цікавага жыцця, падорыць знаёмства з мудрымі настаўнікамі і вернымі сябрамі.

Для старшакласнікаў гэты навучальны год будзе вырашальным у выбары прафесіі. Жадаем ім поспехаў у авалоданні ведамі і верных планаў па выбары жыццёвага шляху.

Паважаныя педагогі, жадаем вам прафесійнага росту, таленавітых і ўдзячных выхаванцаў, а бацькам вучняў і студэнтаў — як мага часцей радавацца поспехам сваіх дзяцей, ганарыцца іх дасягненнямі! Усяго Вам самага добрага ў новым навучальным годзе!

У добры шлях!

І. І. Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама.
І. Ф. Грыбовіч, старшыня райсавета дэпутатаў.

Фота Марыі ЧАРНІЧЭНКА

Крыніца: pvestnik.by