Як абараніць сябе ад праблем пры набыцці тавараў у інтэрнэт-краме?

30.08.2021

Купілі тавар па прывабнай цане, зрабіўшы заказ на інтэрнэт-сайце.

Неўзабаве гаджэт перастаў працаваць. Пры тэлефанаванні па тэлефоне на нумар, па якім зроблены заказ, абяцаюць вярнуць грошы, але не робяць гэта. Альбо на тэлефонныя званкі ніхто не адказвае. Ці адказвае чалавек, які адмаўляе сваё дачыненне да інтэрнэт-крамы. Прадавец, у якога быў набыты тавар, пакупніку не вядомы, так як адпаведныя дадзеныя на сайце адсутнічаюць.

Менавіта такія гісторыі набыцця няякаснага тавару распавядаюць пакупнікі. Абараніць свае правы ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» яны не маюць магчымасці, таму што не ведаюць, у каго яго купілі. Ашуканыя пакупнікі, якія набывалі па нізкіх коштах тавары, безвынікова звяртаюцца ў розныя дзяржорганы з заявамі ў спробе адшукаць прадаўцоў няякаснай тэхнікі. Як абараніць сябе ад праблем пры набыцці тавару ў інтэрнэт-краме? Па-першае, вывучыць размешчаную на інтэрнэт-сайце інфармацыю аб прадаўцу. Як правіла, яна знаходзіцца ў ніжняй частцы старонкі. Там павінна быць наступная інфармацыя: поўнае найменне і месца знаходжання юрыдычнай асобы альбо прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) і месца жыхарства індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама інфармацыя аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка; нумары кантактных тэлефонаў, адрас электроннай пошты прадаўца, а таксама асобы, упаўнаважанай прадаўцом разглядаць звароты пакупнікоў аб парушэнні іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў; нумары кантактных тэлефонаў работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі прадаўца, упаўнаважаных разглядаць звароты пакупнікоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб; рэжым працы; спосабы аплаты тавараў і іх дастаўкі; дата ўключэння звестак аб інтэрнэт-краме ў гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь. У выпадку адсутнасці такой інфармацыі варта задумацца аб добрасумленнасці прадаўца. Размяшчэнне на сайце толькі нумароў тэлефона для замовы тавару не забяспечыць у далейшым пакупніку бесперашкодную магчымасць абароны сваіх правоў спажыўца ў выпадку іх парушэння. Па-другое, перад набыццём тавару вывучыць водгукі аб інтэрнэт-краме, у якой мяркуеце набыць тавар. Па-трэцяе, запытаць у прадаўца дакументацыю, якая пацвярджае якасць тавару. Пры атрыманні тавару да яго аплаты вывучыць інфармацыю, размешчаную на скрынцы, у інструкцыі карыстальніка і на гарантыйным талоне. Па-чацвёртае, пры аплаце тавару патрабаваць і захаваць дакумент, які пацвярджае аплату тавару. На ім павінны быць указаны, як мінімум, найменне прадаўца, што дазволіць у далейшым пры якіх-небудзь недахопах тавару прад'явіць прэтэнзію для абароны сваіх правоў спажыўца. Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» забяспечвае прававыя падставы, дзякуючы якім грамадзяне маюць магчымасць такой абароны. Але для яе эфектыўнай рэалізацыі спажывец павінен улічваць магчымыя рызыкі яшчэ на этапе набыцця тавару. Будзьце ўважлівыя - і тады пакупкі падораць толькі станоўчыя эмоцыі.