Адкрыццё творчага сезона рыхтуе Полацкі гарадскі Палац культуры

30.08.2021

З 1 верасня пачынаецца новы навучальны год не толькі ў школьнікаў і студэнтаў.

Адкрыццё творчага сезона рыхтуюць і ўстановы культуры нашага горада. Асаблівая ўвага будзе прыкавана да Полацкага гарадскога Палаца культуры, які гэтым летам узначаліла малады актыўны дырэктар Ганна Камінская, і разам з камандай ужо гатовая здзіўляць палачан.

- У чарговы творчы сезон, вядома, мы ўваходзім кардынальна абноўленымі — падзялілася Ганна Аляксандраўна. - Сёлета ў нашым палацы культуры сваю прапіску атрымаюць яшчэ 3 новыя творчыя фарміраванні. Гэта - эстрадна-цыркавая студыя «Кураж» (кіраўнікі Таццяна Шыпко і Іна Абрамовіч), жаночы камерны хор (кiр. Галіна Доўжык) і цэнтр сучаснага мастацтва «Джэм» (кiр. Максім Міхайлаў). Новыя праекты, ідэі, праграмы дазволяць напоўніць іншым якасным зместам наша ўстанова культуры. Мы гатовыя радаваць і здзіўляць публіку, ствараць цікавы сучасны рэпертуар і пры гэтым захаваць нашы пазіцыі як галоўнай тэатральнай сцэны Полацкага рэгіёна, адной з лепшых канцэртных пляцовак.

Плануем не толькі новыя праграмы, але і формы працы: шоу-конкурсы, фестывалі, майстар-класы. Паспяховы пачатак у гэтым кірунку - правядзенне вясной гэтага года на высокім узроўні ў Полацкім ГДК конкурсу прыгажосці «Полацкая краса». У тэхнічным плане сцэнічны патэнцыял ГДК - адзін з самых моцных у рэгіёне і дазваляе рэалізоўваць самыя смелыя праекты. Полацк па праве лічыўся прэстыжнай канцэртнай пляцоўкай не толькі для артыстаў з Беларусі, але і іншых краін. І гэту славу пара вярнуць. Зразумела, што 2020 год унёс свае карэктывы ў працу ўсіх устаноў культуры, але палачане засумавалі па канцэртах, спектаклях, гульнявых праграмах. Мы гатовы вярнуць нашага гледача, стварыць годныя ўмовы для працы і выступленняў усіх нашых калектываў, прапанаваўшы ўсім жадаючым знайсці і сабе занятак па душы.

Стаць удзельнікамі нашых калектываў можна, пачынаючы ўжо з чатырох гадоў, а верхні ўзроставы дыяпазон мы не пазначаем! Нашы студыі працуюць у розных жанрах: танцавальным, тэатральным, вакальным, мастацкім, інструментальным, харавым. Ёсць нават балетная студыя для жанчын старэй 45 гадоў. Адным словам, мы адкрыты для ўсіх, чакаем кожнага! Сёлета Дзень адчыненых дзвярэй пройдзе ў новым фармаце: не ў палацы, а на плошчы Францыска Скарыны. У суботу, 28 жніўня, у 16.00 палачане і госці горада ўбачаць цікавую інтэрактыўную праграму, дзе будуць прадстаўлены ўсе жанры і напрамкі. Кожны зможа далучыцца да вялікай творчай сям'і Полацкага ГДК, паспрабаваць свае сілы і праявіць таленты, каб пачаць новы сезон разам!