У Полацкім раёне падвялі вынікі ўзнаўлення буйной рагатай жывёлы Віцебскай вобласці за паўгоддзе

30.08.2021

На абласной нарадзе ў філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» падводзіліся вынікі ўзнаўлення буйной рагатай жывёлы Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе 2021 года.

У яго рабоце прымалі ўдзел Генадзь Гунёў, першы намеснік генеральнага дырэктара ДА «Белплемжываб'яднанне», Таццяна Аляхновіч, намеснік начальніка аддзела па племянной рабоце гэтай структуры, спецыялісты РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» на чале з генеральным дырэктарам Фiзулi Гасанавым, дырэктары райплемстанцый Віцебскай вобласці. Прыехаўшых гасцей віталі намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Мікалай Баратынскі і дырэктар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Яўген Набебiн.

Тэарэтычная частка нарады прысвячалася падвядзенню вынікаў працы раённых філіялаў РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» па асноўных напрамках дзейнасці. Акцэнт рабіўся на поспехі ў племянной працы ў найбольш паспяховых Віцебскім і Полацкім раёнах, аналізаваліся дапушчаныя недахопы па зніжэнні абнасеньвання грамадскай жывёлы, недаатрыманні прыплоду ў раёнах Віцебскай вобласці. Спецыялісты ДА «Белплемжыўаб'яднанне» адзначалі значнасць племянной працы, падкрэсліваючы, што пара цалкам адмовіцца ад выкарыстання на фермах і комплексах быкоў-вытворцаў і перайсці на штучнае абнасеньванне жывёлы. «За мінулы год у вобласці падрыхтаваны 31 тэхнік-асеменатар. Трэба зацікаўліваць гэтых людзей у пастаянным месцы працы, матэрыяльна, ствараць умовы», - адзначала ў сваім выступе Таццяна Аляхновіч. Генадзь Гунёў нагадаў пра сувязь узнаўлення і эканомікі гаспадарак, заклікаў райплемстанцыі актыўна навучаць жывёлаводаў, якія кормяць жывёлу і атрымліваюць малако. На МТК «Заскаркі» філіяла «Вясна-энерга» ўдзельнікаў семінара пазнаёмілі з тэхналогіяй вытворчасці малака, кармлення і ўтрымання буйной рагатай жывёлы.

Перадавікі жніва Полацкага раёна атрымалі ўзнагароды ад прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Галоўны заатэхнік філіяла Валянціна Троцкая падзялілася вопытам атрымання здаровага прыплоду і арганізацыі раздою першацёлак. Спецыялісты філіяла распавялі аб засваенні з пачатку лета новай праграмы па ўзнаўленні «Навігатар статка», якая значна палягчае догляд за жывёламі і дапамагае лячыць наяўныя ў кароў хваробы. Дырэктарам райплемстанцый быў карысны вопыт, назапашаны ў філіяле «Вясна-энерга» па вырошчванні маладняку і арганізацыі штучнага абнасеньвання цёлак. Яны пазнаёміліся з даільнымі заламі «Дэлаваль» і «Лілі», убачылі ўмовы размяшчэння пагалоўя. Удзельнікам распавялі аб рацыёнах кармлення, паказалі секцыю цялення, як вырабляюцца выпойка малодзіва, узважванне цяля, яго ўтрыманне першыя 5-6 гадзін і вырошчванне цёлак да вагавых кандыцый абнасеньвання. Генадзь Гунёў ухваліў працу спецыялістаў і жывёлаводаў філіяла «Вясна - энерга» па ўзнаўленні статка і племянной працы і прапанаваў распаўсюджваць іх вопыт не толькі на Полацкі раён, але і на ўсю Віцебскую вобласць.