Хочаце даведацца пра гісторыю Мікалаеўскага вакзала ў Полацку?

03.08.2021

Зусім нядаўна, каб адправіцца на цягніку ў Вялікія Лукі ці Варшаву, мы прыходзілі на чыгуначны вакзал у цэнтры Полацка (на жаль, цяперашняя эпідэмічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы). А вось 100 гадоў таму для гэтага прыйшлося б паехаць у Громы - на Мікалаеўскі вакзал.

Гісторыю развіцця чыгуначных комплексаў у Полацку некалькі гадоў вывучала дзевяцікласніца СШ №16 Каліна Філіпава пад кіраўніцтвам сваёй мамы Іны Уладзіміраўны, настаўніка гісторыі гэтай жа школы.

Мікалаеўскі вакзал. Пачатак XX стагоддзя.

СЯМЕЙНАЯ СПРАВА

Цікавасць да чыгункі ў сям'і Філіпавых не выпадковая: чыгуначнікам працаваў у 1970-1990 гг. прадзед дзяўчынкі I.Б. Нікіцін, тут шмат гадоў працуе і яе тата Віталь Пятровіч. Дарэчы, ён прымаў актыўны ўдзел у даследчай працы, дапамагаючы шукаць матэрыял, тлумачачы тонкасці «чыгуначнай справы». А яшчэ ў сям'і як рэліквію захоўваюць таблічку ад цягніка 1920 года, знойдзеную каля чыгуначных шляхоў іншым дзедам - В. В. Ярусам.

Іна Філіпава распавяла, што інфармацыйнымі крыніцамі ў даследчай працы з'яўляліся архіўныя дакументы Цэнтральнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі ААТ «РЧ», краязнаўчыя матэрыялы з фондаў НПІКМЗ, музея Ветрынскай СШ ім.Д. В. Цябута, тэхнічнай бібліятэкі на станцыі Полацк, а таксама ўспаміны чыгуначнікаў і краязнаўцаў.

Прапануем чытачам «ПВ» цікавы матэрыял аб чыгуначных вакзалах нашага горада, сабраны сям'ёй Філіпавых.

Іна Уладзіміраўна і Каліна Філіпавы.

НА РЫГА-АРЛОЎСКАЙ ЛІНІІ

Адной з першых чыгунак, якія праходзілі праз Полацк, з'яўлялася Дынабурга (Даўгаўпілс)-Віцебская Рыга-Арлоўскай лініі. У горадзе пабудавалі станцыю першага класа Полацк–I, якая знаходзілася ў той час на месцы сучасных аўта - і чыгуначнага вакзалаў.

Вакзал быў урачыста адкрыты 24 мая 1866 года. Гэта быў мураваны двухпавярховы будынак. На першым паверсе размяшчаліся залы чакання для пасажыраў, кабінеты начальніка станцыі, памочніка начальніка, Тэлеграф, білетныя касы, а на другім паверсе — кватэры для начальніка станцыі і іншых работнікаў.

Першы будынак вакзала не захаваўся. Аднак ён будаваўся па тыпавым праекце, характэрным для ўсёй Дынабургскай чыгункі, таму магчыма прадставіць яго аблічча на прыкладзе вакзалаў у Верхнядзвінску і Шуміліна.

Акрамя пасажырскіх будаваліся на станцыях і вытворчыя будынкі: вагонныя адрыны, лакаматыўнае дэпо, пакгаўзы (таварныя склады), павеці для дроў, вадаёмныя будынкi і інш. Сёння побач з Полацкім РВПС на вул. Кастрычніцкай можна ўбачыць захаваўшыйся да нашых дзён будынак пакгаўза.

Від на станцыю Полацк Рыга-Арлоўскай лініі з усходу. Пачатак XX стагоддзя.

МІКАЛАЕЎСКІ

У 1907 годзе праз Полацк праклалі яшчэ адну чыгуначную лінію - Балагое-Сядлец, якая злучыла Санкт-Пецярбург з «Царствам Польскім».

На паўночна-ўсходняй ускраіне, у двух вёрстах ад горада, пабудавалі самастойную станцыю Полацк-II з Мікалаеўскім вакзалам для пасажырскага руху і Балагоўскiм паркам для грузавога. У наш час - гэта грузавы парк Громы станцыі Полацк.

Яна ставілася да асноўнай станцыі на гэтым кірунку і прылічалася да III класа. На ўсіх станцыях такога класа ўзводзілі прасторныя цагляныя вакзалы, у архітэктуры якіх прысутнічалі элементы польскай готыкі і пампезнасць Еўрапейскага гарадскога стылю мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў (высокія вокны з арнаментыкай, манументальнасць і вычварнасць цаглянага мура).

Мікалаеўскі вакзал быў двухпавярховым і пабіваў сваёй велічнасцю і непаўторнасцю. На ўсіх вакзалах гэтай лініі былі памяшканнi для пошты, лямпавая, дзе свяцільні запраўлялі газай, асобныя службовыя памяшканні каменданта, агента службы руху, тэлеграфіста, зала чакання з круглымі вуцермаркоўскiмi печамі. Яны займалі мала месца і добра сагравалі памяшканне. У Мікалаеўскім вакзале размяшчаўся буфет з драўляным, абсыпаным зямлёй ледніком для захоўвання правізіі. Прывакзальная плошча была выбрукавана каменем.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны вакзал і шэраг чыгуначных збудаванняў былі ўзарваны немцамі. Пасля вайны на яго месцы пабудаваны новы, дзе зараз размяшчаюцца службовыя і падсобныя памяшканні станцыі Полацк.

Да нашых дзён на вул.Чыгуначнай захавалася ў першапачатковым выглядзе каля 8 жылых дамоў таго часу, якія выкарыстоўваюцца па прызначэнні і цяпер. Пры пабудове гэтых дамоў ужываліся незвычайныя для нашага часу цвікі: яны мелі не круглае, а квадратнае сячэнне.

Ад комплексу Мікалаеўскага вакзала засталося і некалькі службовых памяшканняў.

Даследчая праца Каліны Філіпавай «Архітэктура чыгуначных комплексаў у сістэме горада Полацка ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стст» у гэтым навучальным годзе адзначана дыпломамі I ступені на XI адкрытых краязнаўчых чытаннях навучэнцаў «Спадчына Полацкай зямлі» і раённым этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых краязнаўчых работ навучэнцаў (кірунак «Гісторыя роднага краю»).

А праца «Гісторыя развіцця Балагое-Полацкай чыгуначнай лініі ў 1905-1917 гг.» раней заваявала дыпломы і ступені на абласных краязнаўчых чытаннях «Невядомыя вядомыя, або гісторыя ў асобах» і конкурсе «Куточак Беларусі - маленькая радзіма «Нацыянальнага цэнтра «Зубраня», дыплом лаўрэата ІІ ступені на VIII Міжнародным конкурсе медыяпраектаў «Гонар Айчыны».

У ЗАКЛЮЧЭННI

Дзякуючы будаўніцтву Рыга-Арлоўскай і Балагое-Полацкай жалезных дарог горад кардынальна змяніў свой выгляд і ператварыўся ў буйны чыгуначны вузел.

Рыга-Арлоўская чыгунка дзейнічае і зараз, а ўчастак Балагое-Полацкай жалезнай дарогі працуе толькі на ўчастку Беларускай чыгункі.

https://www.pvestnik.by/