воз. Вырвіна.
КРЭПАСЬЦЬ СІТНА
У Малым Сітна сустрэліся са старшынёй сельвыканкама Леанідам Буханцовым. Як распавёў ён, сёння ў вёсцы пастаянна пражываюць 217 чалавек, большасць - у працаздольным узросце. Асаблівасць гэтай мясцовасці - на тэрыторыі сельсавета няма прамысловых прадпрыемстваў і сельгасарганізацый. Дзе ёсць магчымасць працаваць? У Дрэтунскім лясгасе і сацыяльнай сферы.
З кіраўніком сельвыканкама адпраўляемся да месца нараджэння Малога Сітна - туды, дзе амаль 450 гадоў таму знаходзілася драўляная крэпасць Сітна. Пагорак зусім невялікі і невысокі, але размешчаны даволі зручна - на лукавіне ракі Палаты і да возера Iзмок рукой падаць.
Фота Сяргея Плыткевіча.
«Крэпасць была пабудавана падчас Лівонскай вайны ў 1563 годзе па загадзе Івана Грознага — распавядае Леанід Ігаравіч. — Пазней войскі Вялікага княства Літоўскага захапілі будынак і спалілі. Але рускія войскі аднавілі ўмацаванне. Аднак у снежні 1579 года яно было ўзята войскам польскага караля Стэфана Баторыя і ўжо канчаткова разбурана»
Сёння ад крэпасці захаваліся толькі земляныя валы. А пра падзеі шматгадовай даўнасці турысту раскажа памятны знак. Зрэшты, калі даехаць да вёскі Палучча, то можна ўбачыць курганныя магільнікі, якія датуюцца ХІ стагоддзем, а недалёка ад вёскі Арлея яшчэ з часоў ранняга жалезнага веку захавалася гарадзішча. А гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
ДОМ-МУЗЕЙ
Далей, на «крайнюю поўнач», у Труды. У параўнанні з Малым Сітно гэтая вёсачка яшчэ... «дзіця». Мясцовыя жыхары мяркуюць, што яе «працоўная біяграфія» пачалася ў перыяд сацыялізму. А вось гісторыя тэрыторыі, на якой яна знаходзіцца, насычана падзеямі. Зазірнуўшы да мясцовага краязнаўцы, Андрэя Героева, мы літаральна адчулі яе. Маладым спецыялістам у 1988 годзе ён прыехаў з Магілёўшчыны на працу ў Дрэтунскі вайсковы лясгас. Пазней яму давялося быць і дзяржінспектарам рыбааховы, участковым РАУС, старшынёй Маласітнянскага сельвыканкама. Гэта чалавек, неабыякавы да гісторыі Полаччыны, у яго доме і на падворку — сапраўдны музей артэфактаў. А пачатак незвычайнай экспазіцыі паклала... стамеска пчаляра, якой карыстаўся яшчэ прадзед. Цяпер Андрэй Іванавіч сам займаецца пчалярствам і сямейны рарытэт вельмі дарэчы. І домік для сну на вуллях пабудаваў, дзе можна праводзіць сеансы апітэрапіі.
Фота Сяргея Плыткевіча.
А экспанатаў - не адна сотня. Сані, плугі, сякеры, алебарды, пілы, жорны ... Кожная рэч з гісторыяй. Рында калісці на чыгуначнай станцыі Палата паведамляла аб прыбыцці і адпраўленні цягнікоў. Каменную сякеру леснікі знайшлі пры пасадцы лесу і падарылі свайму калегу. А самавары! Ёсць нават бульотка - «арыстакратычная сястра» самавара, якой больш за 100 гадоў. А кубкi? Маецца асобнік, зроблены са снарада яшчэ ў 1914 годзе, з надпісам «На памяць...». Побач - са знакамітага кузняцоўскага фарфору, бязважкi, быццам пушынка... Зрэшты, усё гэта лепш убачыць. Узяць у рукі. Адчуць душу і цяпло тых, хто зрабіў гэта, карыстаўся. Душу нашых продкаў.
Фота Сяргея Плыткевіча.
НАПЕРАД, У ГІСТОРЫЮ!
Сыходзіць з дома-музея не хацелася - столькі экспанатаў яшчэ не ўбачылі. Але нас чакала экскурсія па вёсцы Труды і яе ваколіцах, дзе кожны куток захоўвае памяць аб мінулым.
- Калісці жыццё тут бурліла. Быў нават Трудаўскі сельвыканкам. Ужо ў 1919 годзе працаваў шклозавод — паказвае Андрэй Іванавіч на месца, зарослае хмызняком. — Тут да гэтага часу рэшткі «прадукцыі» знаходзім.
Пашанцавала і нам - у траве выявілі незвычайнае плаўленае шкло. Так, невыпадкова вёску назвалі Труды. У свой час тут можна было працаваць яшчэ ў ганчарнай і кавальска-слясарнай майстэрнях, на торфазаводзе і ў дрэваапрацоўчым цэху, на МТС і ў хлебапякарнi. А з 1936 года - у калгасе «Прамень Леніна». Нічога не засталося... Ды і цяперашнюю колькасць насельніцтва не параўнаць нават з пасляваеннай. У 1946 годзе ў вёсцы пражывала 355 чалавек. Сёння... 72 ды ў сезон плюс 30 дачнікаў.
- Вайсковая гісторыя Трудоў - асобная тэма, - кажа Андрэй Іванавіч. - Скажу толькі, што з лістапада 1943 года, калі ў Дрэтуні былі гітлераўцы, «пад бокам» у Трудах дзейнічалі райсавет, партыйныя органы раёна, выходзіла газета «Бальшавіцкі шлях»…
Аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай нагадваюць помнікі і воінскія пахаванні. У цэнтры Трудоў - брацкая магіла, дзе ляжаць 772 загінуўшых у гады вайны на тэрыторыі сельсавета. Тут узвышаецца і абеліск у гонар лётчыка Аляксандра Мамкіна, які выратаваў выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома. Больш за тое, на беразе возеры Балныра, дзе прызямліўся яго падпалены самалёт, усталяваны яшчэ адзін помнік, зроблены самім Андрэем Героевым. На ўскраіне Трудоў таксама брацкая магіла. Недалёка ва ўрочышчы Рабінаўка - помнік на месцы расстрэлу гітлераўцамі жыхароў Трудоў яўрэйскай нацыянальнасці. А ў вёсцы Арлея, на радзіме Героя Савецкага Саюза Аляксандра Мініна, усталяваны памятны знак у гонар земляка.
воз. Болныра.
...Так, за расповедам нашага правадыра аб вялікай гісторыі маленькіх Трудоў, мы выехалі за межы вёскі. Пабываць у азёрным краі, але не палюбавацца воднымі прасторамі, было б недаравальна. Што мы і зрабілі. Праўда, сфатаграфавалі толькі іх малую крыху. З надзеяй вярнуцца.