Дэпутаты і сенатары звярнуліся да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі

10.06.2021

Дэпутаты ўсіх узроўняў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу прынялі зварот да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

"Мы, дэпутаты і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь - паўнамоцныя прадстаўнікі беларускага народа, звяртаемся да сусветнай супольнасці з заклікам непрадузята ацаніць сітуацыю, якая складваецца вакол нашай краіны, калі пад выглядам барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці па сутнасці маюць месца агрэсіўны ўсебаковы ціск на суверэнную дзяржаву і яе грамадзян, грубае парушэнне базавых прынцыпаў міжнароднага права па неўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржаў. Такія дзеянні ствараюць рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, парушаюць агульнапрызнаныя палажэнні Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, адной з заснавальніц якой была і наша краіна, - гаворыцца ў звароце. - Незалежнасць, развіццё чалавечага патэнцыялу, эканамічны рост і ўмацаванне Беларусі з'яўляюцца як відавочнай асновай дабрабыту жыхароў нашай краіны, так і залогам геапалітычнай стабільнасці ў велізарным рэгіёне, які злучае Еўропу, Расiю і Азію".

Аўтары звароту лічаць, што замест падтрымкі і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва цэлы шэраг дзяржаў актыўна спрыяе дэстабілізацыі становішча ў Рэспубліцы Беларусь - супраць нас разгорнута масіраваная інфармацыйная агрэсія, накіраваная як на ўцягванне нашых грамадзян у дэструктыўную дзейнасць з мэтай здзяйснення дзяржаўнага перавароту, так і на фарміраванне вельмі негатыўнага вобраза краіны на міжнароднай арэне.

"Уводзяцца беспрэцэдэнтныя і неабгрунтаваныя санкцыі. Абсурднымі выглядаюць дзеянні па пазбаўленні Рэспублікі Беларусь правоў на правядзенне міжнародных спартыўных спаборніцтваў, удзел у творчых і прафесійных конкурсах, забароны на ажыццяўленне авіязносін, дыскрымінацыя кампаній і арганізацый, а ў канчатковым выніку - звычайных грамадзян нашай краіны. Беларусы вытрымаюць гэтыя выпрабаванні, таму што нам ёсць што губляць. У XX стагоддзі мы двойчы аднаўлялі сваю краіну - з руін Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў і аскепкаў разбуранага ў 1991 годзе СССР. Таму не толькі моцная дзяржаўная ўлада і моцныя органы правапарадку не дазволілі ператварыць Беларусь у чарговую гарачую кропку на палітычнай карце свету, але і кожны беларус адчувае датычнасць да стварэння краіны, разумее сваю адказнасць за яе будучыню", - адзначаецца ў дакуменце.

"Сёння палітычны і эканамічны ціск на нашу краіну не спыняецца, а толькі ўзмацняецца. Заяўленая мэта - садзейнічанне ўмацаванню дэмакратычных каштоўнасцяў і свабод. Аднак фактычны вынік цалкам іншы - падрыў эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, запаволенне развіцця, скарачэнне сацыяльных праграм, зніжэнне дабрабыту людзей і, як вынік, - злом суверэннай беларускай дзяржаўнасці, фарміраванне зоны эканамічнай, геапалітычнай, сацыяльнай нестабільнасці ў самым цэнтры Еўропы, якая і так перажывае цэлую чараду крызісаў - міграцыйны, эканамічны, пандэмію COVID-19, - падкрэсліваюць дэпутаты і сенатары. - Мы звяртаемся да нашых замежных партнёраў з заклікам - выконвайце прынцыпы і нормы міжнароднага права ва ўзаемаадносінах з Беларуссю, бо патаптаўшы іх аднойчы, зноў надаць ім значнасць будзе складана. Мы гатовы да дыялогу, але не да прымусу, і адказна заяўляем аб бесперспектыўнасці і недальнабачнасці любых замахаў на наша права самастойна выбудоўваць шлях развіцця Рэспублікі Беларусь".

"Мы заклікаем сусветную супольнасць выступіць супраць неабгрунтаванай, контрпрадуктыўнай і дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, праявіць салідарнасць з нашай краінай у адстойванні права на суверэнітэт і мірнае жыццё, вярнуцца да адказнага і канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць усіх краін і народаў, у імя міру, бяспекі і росквіту", - рэзюмуецца ў дакуменце.

Крыніца: https://www.belta.by/