У Полацку святкуюць Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай

07.06.2021

5 чэрвеня адзначаецца Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Урачыстасці, прысвечаныя гэтай асаблівай для ўсёй беларускай зямлі даце, прайшлі ў Полацку. Ужо напярэдадні горад стаў цэнтрам прыцягнення шматлікіх паломнікаў, гасцей з розных куткоў краіны, якія прыбылі, каб разам з палачанамі славіць імя святой Еўфрасінні і яе духоўны подзвіг. Для многіх пакаленняў Еўфрасіння Полацкая, заклаўшая трывалыя традыцыі праваслаўя, з'яўляецца яскравым прыкладам высокай духоўнасці і маральнасці, працавітасці і асветы.

4 чэрвеня ў Спаса-Еўфрасіннеўскім стаўрапагіяльным жаночым манастыры адбылося святочнае Усяночнае трыванне. А ў суботу, 5 чэрвеня, урачыстасці адкрыліся Боскай літургіяй у Сафійскім саборы, адкуль затым да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра адправіўся шматлюдны хрэсны ход. Яго ўдзельнікі з прасветленымі тварамi ішлі дарогай прападобнай са спевамі, многія неслі ў руках абразкі. Спыніўшыся каля помніка Еўфрасінні Полацкай, усклалі кветкі да яго падножжа.

Удзел у мерапрыемствах прынялі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскапы і біскупы, іншыя прадстаўнікі духавенства, кіраўніцтва Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, выканаўчай улады Полацкага раёна, горада Наваполацка, гараджане і госці. Тэрыторыя манастыра сустрэла хросны ход у кветкавым строі. Пасля праведзенага набажэнства быў агучаны прывітальны адрас, які паступіў ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Са святам усіх прысутных павіншавалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Марковіч. Са словамі пропаведзі да вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

... Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай, аб'ядноўваючы ўсіх вакол ідэалаў хрысціянства, вяртае да спрадвечных каштоўнасцяў і ўмацоўвае сувязь з гісторыяй, слаўнымі справамі нашых продкаў. На працягу стагоддзяў нябесная заступніца беражэ нас і натхняе на добрыя ўчынкі. І, захоўваючы ў душы яе вобраз, мы ўмацоўваемся ў сваёй веры і з часам усё больш усведамляем веліч здзяйсненняў і праведных прац святой зямлячкі.

Фота аўтара

Крыніца: https://vitvesti.by/