Унікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі» прыбудзе ў Беларусь 11 чэрвеня 2021

04.06.2021

У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і ААТ «Расійскія чыгункі» ў рамках Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Ён ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

Унікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі» будзе курсіраваць па Беларускай чыгунцы з 11 па 28 чэрвеня 2021 года.

З 11 па 13 чэрвеня 2021 года экспазіцыя будзе знаходзіцца ў Мінску, 14-15 чэрвеня яе змогуць наведаць жыхары Оршы, 16-17 чэрвеня - жыхары Віцебска, 18 чэрвеня цягнік зробіць прыпынак у Полацку, 19-20 чэрвеня экспазіцыя будзе даступна для прагляду жыхарам Гродна. У Брэсце «Цягнік Перамогі» будзе знаходзіцца з 21 па 24 чэрвеня, жыхары Гомеля змогуць пабываць у музеі 25-26 чэрвеня, а завершыцца паказ экспазіцыі ў Магілёве 27-28 чэрвеня 2021 года - у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Цягнік Перамогі» - маштабны гісторыка-асветніцкі праект, створаны ў Расійскай Федэрацыі камандай творчай майстэрні «Неўскі баталіст» сумесна з медыягрупай «Чырвоны квадрат», пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, ААТ «Расійскія чыгункі» і грамадскай арганізацыі «Валанцёры перамогі» ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў і правядзення Года памяці і славы ў Расіі.

У першы рэйс цягнік адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года. За час працы музей наведалі ўжо каля 92,5 тысяч чалавек з 38 гарадоў Расійскай Федэрацыі.

Дадзены праект прадстаўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на «эфекце прысутнасці», якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і створана на базе вагонаў перасоўнага выставачна-лекцыйнага комплексу.

Склад «Цягнік Перамогі» ўключае 12 вагонаў, 9 з якіх - экспазіцыйныя. Экспазіцыя аднаго з вагонаў прысвечана подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям - членам сем'яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.

Сімвалічна, што «Цягнік Перамогі» з вагонам, які апавядае пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці 22.06.2021, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, будзе знаходзіцца ў Брэсце.

У аснове экспазіцыі - трохмерныя панарамы: маляўнічыя палотны, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Маршрут па «Цягніку Перамогі» – гэта пераход ад аднаго эпізода да іншага. Перадваенныя гады - Вялікая Айчынная - Перамога. На сённяшні дзень у музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры.

Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваецца аб'ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці (VR), кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп'ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка.

Сплаў класічнага і сучаснага падыходаў дапаўняецца ўнікальным расказам галоўнага героя – машыніста Лідзіі, ад чыёй асобы вядзецца аповед. Лідзія - не проста аўдыягід: гэта - зборны вобраз пакалення, юная савецкая дзяўчына. Яе лёс - гэта лёс краіны. Лідзія дзеліцца ўспамінамі, сямейнай гісторыяй, вопытам пераадолення, вопытам Перамогі. У 1941-м ёй дзевятнаццаць: яна пайшла па слядах бацькі і стала машыністам паравоза. Разам з Лідзіяй наведвальнікі праходзяць шлях ад Гомеля да Масквы, ад Сталінграда да Берліна.

Правобразам галоўнага героя стала Алена Чухнюк - машыніст лакаматыўнага дэпо Гомель, якая вадзіла ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны воінскія эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту, а голасам Лідзіі стала заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Кацярына Гусева.

Працоўная біяграфія Алены Чухнюк пачалася ў Гомелі на Беларускай чыгунцы. Тут жа і застала яе вайна. У 26 гадоў Алена Міронаўна стала Героем Сацыялістычнай Працы, а да 90-годдзя яе імя было прысвоена аднаму з дызель-цягнікоў Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. У 2014 годзе ў рамках правядзення Трэцяга злёту машыністаў Беларускай чыгункі на сцяне будынка лакаматыўнага дэпо Гомель у памяць аб легендарным машынісце Алене Чухнюк усталявана мемарыяльная дошка.

Усе рашэнні, якія выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі, дазваляюць паказаць маштаб падзей, прадставіць Подзвіг савецкага народа. Лёсы гістарычных асоб і простых людзей, партрэты легендарных асоб і вобразы малавядомых творцаў Перамогі - вайскоўцаў, навукоўцаў, чыгуначнікаў, медыкаў – паўстаюць у экспазіцыі цягніка-музея.

Асаблівую ўвагу аўтары праекта надалі навуковым адкрыццям і дасягненням савецкіх навукоўцаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у Перамогу і развіццё сусветнай навукі ў цэлым.

Трэба адзначыць, што беларускія навукоўцы таксама адыгралі вялікую ролю ў развіцці навукі і тэхнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да прыкладу, П.О. Сухі займаўся распрацоўкамі ў галіне авіяцыі, пад яго кіраўніцтвам быў створаны браніраваны штурмавік СУ-6, Б.В. Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяцыйнай прамысловасці, Т. Н. Годнеў унёс уклад у стварэнне метадаў захавання вітамінаў у прадуктах, якія падлягаюць працягламу захоўванню, навукоўцы-медыкі стваралі новыя прэпараты і метады лячэння.

Праект «Цягнік Перамогі» з'яўляецца сацыяльным як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Час працы экспазіцыі з 10:00 да 20:00. Перапынак з 14:00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі з 12 гадоў.

У адным вагоне «Цягніка Перамогі» адначасова могуць знаходзіцца не больш за 10 наведвальнікаў, час праслухоўвання аўдыягіда складае 5 хвілін, агульны час экскурсіі - 45 хвілін.

У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю цягніка і эпідэміялагічнай сітуацыяй наведванне экспазіцыі будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах, распаўсюджваемых сярод арганізацый і навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь мясцовымі органамі выканаўчай улады.

Праца экспазіцыі «Цягнік Перамогі» будзе арганізавана з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы і папярэджанні распаўсюджвання вірусных інфекцый. Наведвальнікі абавязаны выконваць масачны рэжым.

Падчас агляду экспазіцыі дазволена фота- і відэаздымка.

Акрамя таго, на сайце праекта поездпобеды.рф усе жадаючыя могуць здзейсніць віртуальны тур па экспазіцыі музея.

Плануецца, што экспазіцыю «Цягнік перамогі» ў Рэспубліцы Беларусь наведаюць больш за 16 тыс. чалавек.

Для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ ў дні адкрыцця экспазіцыі на чыгуначных станцыях будуць арганізаваны прэс-туры.

Крыніца: https://www.rw.by