У Полацкім музеі баявой славы адкрылася новая экспазіцыя «Друкаваны фронт»

13.05.2021

Напярэдадні Дня Перамогі ў музеі баявой славы адкрылася новая экспазіцыя пад назвай «Друкаваны фронт».

Яна ў поўнай меры адлюстроўвае значнасць і ролю друкаванага слова. У гады Вялікай Айчыннай вайны проціборства СССР з нацысцкай Германіяй і яе саюзнікамі вялося не толькі на зямлі, у паветры ці на моры, але і ў сферы барацьбы за розумы людзей праз арганізаванае і мэтанакіраванае распаўсюджванне ідэй, меркаванняў і чутак. Для гэтага актыўна выкарыстоўваліся газеты, часопісы, улёткі, плакаты.

У формах правядзення прапаганды і контрпрапаганды з выкарыстаннем друкаваных выданняў у абодвух бакоў было шмат агульнага. Яна ўздзейнічала на асабісты склад Узброеных Сіл, работнікаў тылу. Контрпрапаганда працавала на варожых салдат і насельніцтва.

У маральным плане агітатарам патрабавалася стварыць негатыўны вобраз ворага. З гэтай мэтай часта звярталіся да гісторыі, успамінаючы былыя перамогі. Пры гэтым фармаваўся вобраз адзінства фронту і тылу. Аб падзенні ўзроўню жыцця і магчымасці яго страты замоўчвалася. Амаль усе дакументы падобнага роду ўмоўна дзеляцца на дзве катэгорыі - паказваюць сваіх і ворагаў. «Свае» ў прапагандысцкіх матэрыялах паўстаюць моцнымі, смелымі людзьмі, якія вядуць справядлівую вайну. «Чужыя» паказваюцца ў вобразе бездапаможных, але крыважэрных варвараў.

На выставе выкарыстоўваюцца прадметы з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, прыватных калекцый і сусветнай камп'ютэрнай сеткі. Гэта як арыгінальныя друкаваныя выданні, так і іх копіі.

Хочаце ўбачыць, як ваявала друкаванае слова? Пабывайце на выставе.

Канстанцін Нарэйка,
вядучы навуковы супрацоўнік
Музея баявой славы.

Крыніца: https://www.pvestnik.by/