Мэтай сённяшняга візіту Старшыні Савета Рэспублікі ў Полацк было азнаямленне з ходам выканання ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2020 года №70 "Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці". Аляксандр Лукашэнка паставіў перад сенатарам задачу высветліць, як на прыкладзе Полацкага малочнага камбіната рэалізуецца ўказ. Гэта пытанне Наталля Качанава абмеркавала з прадстаўнікамі мясцовай улады і кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія ўвайшлі ў Полацкі кластар.
Наталля Качанава пад час наведвання прадпрыемства
Старшыня Савета Рэспублікі пабывала на камбінаце, наведала вытворчыя цэхі і пагутарыла з калектывам. Работнікаў хвалявалі розныя тэмы - эканоміка, сацыяльная сфера, развіццё сельскай гаспадаркі.
"Мне сорамна за тое, што адбывалася ў нас у краіне на некаторых прадпрыемствах, якія ішлі на повадзе ў людзей, камандуючых з-за мяжы. Нельга так, трэба жыць сваім розумам. Цяпер важна захаваць прадпрыемствы", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Людзей цікавіла рэакцыя на ліст, падпісаны членамі прафсаюза, у якім вылучалася патрабаванне спыніць санкцыі ў адносінах да беларускіх прадпрыемстваў. "Мы жывем у сваёй суверэннай краіне і разумеем, што стабільнасць і сацыяльныя гарантыі, якія ёсць у нас, - гэта важна. І гэта трэба цаніць", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Прадстаўнікі калектыву
Работнікі малочнага камбіната таксама закранулі пытанні развіцця свайго рэгіёна. Яны пыталіся, як будуць мадэрнізаваць электрасеткі, ці пачнецца будаўніцтва паліклінікі ў развіваемым жылым мікрараёне Аэрапорт, ці адновіцца льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля для маладых сем'яў і як будуць рэгулявацца цэны на лекі і прадукты. Усе ўзнятыя пытанні Наталля Качанава ўзяла на кантроль.
Аб эканоміцы Полацкага малочнага камбіната расказаў яго генеральны дырэктар Уладзімір Сафронаў. "На прадпрыемстве разам з сельскагаспадарчым філіялам у Клясціцах працуюць 112 чалавек. Выпускаецца 84 найменні прадукцыі. Закрыццё расійскага рынку прымусіла нас перагледзець напрамкі збыту, мы асвоілі новыя рынкі - Каір, Бангладэш, Саудаўская Аравія. У мінулым годзе за валавую вытворчасць атрымалі ў грашовым выражэнні Br130 млн. У гэтым годзе плануем выйсці на Br160 млн. У аграпрамысловым аб'яднанні складаюцца 32 сельскагаспадарчых прадпрыемствы, уключаючы Мiёрскі мясакамбінат", - распавёў кіраўнік камбіната.
Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што ўказ па падтрымцы АПК Віцебскай вобласці дапаможа развіццю гэтай галіны, але і ад аб'яднанняў чакаюць аддачы.
"Трэба працаваць, пускаць абаротныя сродкі ў развіццё, мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Гэта будзе на карысць усім: і нашым прадпрыемствам, і дзяржаве, і асобна ўзятаму работніку", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Полацкі малочны камбінат
Фота Аляксандра Хітрова
Крыніца: https://www.belta.by/