На палях ужо даўно няма снегу, зелянеюць азімыя, а глеба з-за начных замаразкаў ніяк не прагрэецца да патрэбнай тэмпературы. Але тэхніка максімальна задзейнічана на палях. Вясновыя палявыя работы ўключаюць у сябе цэлы комплекс мерапрыемстваў, які закліканы забяспечыць будучы ўраджай. Поўным ходам ідзе ўзворванне глебы, унясенне мінеральных угнаенняў і арганікі, падкормка азімых культур.
Першыя на полi
Асобныя сельгасарганізацыі Полацкага раёна выбарачна ўжо прыступілі да сяўбы. У ліку першых - УП «Палімір-агра», дзе вясной неабходна пасеяць 450 збожжавых і зернебабовых культур. Ва ўрочышчы Маліннікi на трактары «Беларус-1525» з сеялкай СЗТМ-4Н сяўбой займаўся вопытны механізатар Святаслаў Мацiшын, які не раз станавіўся ў раёне лідэрам сельгасработ. «Вядома, прыемней за ўсё працаваць у полі вясной: усё зелянее, пачынае расквітаць», - усміхаецца Святаслаў Цімафеевіч, для якога гэта ўжо 14-я пасяўная.
Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, механізатар філіяла «Гараны-Агра» Міхаіл Быліна, дырэктар філіяла Аляксандр Калтуноў ва ўрочышчы Ханякi (злева).
Пачатак пакладзены
Першыя гектары засеяных плошчаў і ў актыве філіяла «Гараны-Агра». Як прызнаўся дырэктар Аляксандр Калтуноў, гэта яго ўжо 41-я (!) пасяўная, а ў якасці кіраўніка - 25-я.
«Хвалявання няма, упэўнены, што мы справімся, бо загадзя рыхтаваліся, калектыў настроены на вынік», - адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.
I.I.Марковiч, старшыня Полацкага райвыканкама:
«Напэўна, ідэальных умоў ніколі не было, праблемныя пытанні заўсёды ёсць, але сёння тэхналогіі дазваляюць атрымліваць устойлівыя ўраджаі. Галоўнае - своечасова падрыхтаваць тэхніку, забяспечыць умовы працы, прадугледзець матэрыяльнае стымуляванне, строга выконваць тэхніку бяспекі».
...Механізатары з нецярпеннем чакаюць наступлення таго моманту, калі можна будзе выйсці ў поле. Міхаіл Быліна працуе 20 гадоў у сельскай гаспадарцы, заняты на ўсіх відах палявых работ і кожны раз радуецца пасяўной. Зараз на магутным трактары «CLAAS 5000 XERION», на якім працуе ўжо чацвёрты год, задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы.
Вяскоўцам не трэба нагадваць, што вясновы дзень год корміць. Вось і працаўнікі філіяла «Гараны-Агра» настроены на тое, каб выканаць сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур у аптымальныя тэрміны. Для хуткай і якаснай працы ёсць усё, што неабходна: гаручае, добра падрыхтаваная тэхніка, старанныя, вопытныя механізатары. Галоўнае, каб надвор'е спрыяла пасяўной.
А вось Алёна Івашкевіч, якая толькі ўступіла ў пасаду галоўнага агранома, трохі хвалюецца. У гаспадарцы спецыяліст працавала з 2013 года аграномам-хімікам, вопыт ёсць, у тым ліку атрыманы ад Т.Н.Макаровай, якая шмат гадоў паспяхова працавала тут галоўным аграномам. Першае збожжа лягло ў глебу ва ўрочышчы Затрасценне. Яравы клін у філіяле «Гараны-агра» - 470 га. За першы дзень пасеяна 22 га. Там, дзе зямлі пераўвільготнены, працуе «Раса» - выканана падкормка азімых збожжавых на 650 га, шматгадовых траў - на 66 га, пашы - на 160 га.
Крыніца: https://www.pvestnik.by/