Калі мы прыехалі ў вёску Домнікі Гаранскага сельсавета, каб пазнаёміцца са шматдзетнай сям'ёй, бацькі наперабой пачалі расказваць пра сваіх шасцярых дзяцей — галоўным багацці іх жыцця.
Алена і Аляксей Чуваховы, калі стваралі сваю сям'ю, адразу ведалі, што ў іх будзе шмат дзяцей. Не менш трох. Яны самі са шматдзетных сем'яў. Алена Вячаславаўна была старэйшай з шасці дзяцей, памятае, што выхаванне малодшых лягло на яе плечы. Гэты вопыт вельмі спатрэбіўся ў дарослым жыцці. Яе муж вырас у сям'і, дзе было чацвёра дзяцей. Ён таксама не ўяўляе, як гэта, калі ў сям'і мала дзяцей.
Старэйшай дачцы Марыне ўжо 21 год, дзяўчына атрымала прафесію выхавальніка дашкольнай адукацыі, завочна вучыцца ў Мінску. Жыве ў Новых Гаранаў, выйшла замуж, нарадзіла дачку. Так што шматдзетныя бацькі Чуваховы ўжо бабуля і дзядуля. Іх бацькоўскі гонар і сын Мікіта, абаронца Айчыны. З лістапада мінулага года служыць у Гомельскім пагранатрадзе. Вывучыўся на зваршчыка, а ў арміі стаў яшчэ і поварам. Сын Даніла - будучы трактарыст, асвойвае прафесію ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці. Хлопец расце талковым, як і бацька любіць працаваць на роднай зямлі.
«Было два сыночкі і лапачка дачка, захацелі сястрычку для Марыны» — распавядала мама перадгісторыю нараджэння дачкі Ганны. Зараз дзяўчынка - сямікласніца, вучыцца добра, дапамагае маці, з задавальненнем няньчыцца з малымі - 4-гадовым Мацвеем і 2-гадовай Алінкай.
А пачалася гісторыя сям'і даўно. Пасля службы ў арміі Аляксей уладкаваўся на сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра», дзе і працуе жывёлаводам больш дваццаці гадоў. Алена - даярка ў гэтым жа філіяле. «На ферме «Домнікі» працуюць мае сёстры, іх мужы, мама, айчым», - распавядала Алена. Агульная праца збліжае сем'і сваякоў, яны сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму.
«Хутка пацяплее — уступае ў размову тата вялікай сям'і. - Будзем дружна саджаць агарод». Чуваховы, як і ўсе сельскія жыхары, прывыклі вырошчваць гародніну, хадзіць у лес па грыбы і ягады. Дзеці падраслі, цяпер праца па хаце і каля яе дзеліцца на ўсіх.
Свой дом у Домніках Чуваховы ў будучыні плануюць зрабіць дачным. Тут будзе агарод, сюды яны будуць прыязджаць у госці да сваякоў.
Шматдзетная сям'я з нецярпеннем чакае надыходу лета. У канцы жніўня ў Полацку здаецца дом, у якім Чуваховы атрымаюць 3-пакаёвую кватэру. Новае гарадское жыццё абяцае шмат пераменаў: бацькам прыйдзецца змяніць месца працы, а ў дзяцей будзе больш магчымасцяў для ўсебаковага развіцця.
У новай гарадской кватэры годнае месца зойме ордэн Маці, які ўручылі Алене Вячаславаўне напярэдадні Дня жанчын. Гэтую ўзнагароду шматдзетная мама будзе апранаць на Дзень маці, калі іх вялікая сям'я збярэцца разам за святочным сталом. У бацькоўскай хаце Марыне, Мікіту, Данілу, Ганне, Мацвею і Аліне заўсёды будзе цёпла і ўтульна, таму што бацькі жывуць дзеля іх.
Крыніца: https://www.pvestnik.by/