Кіберзлачынствы, апарат МРТ, новыя аўтобусы і басейн у Полацку

02.04.2021

Актуальныя тэмы былі разгледжаны ў час сустрэчы інфармацыйнай групы на чале з першым намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама Сяргеем Лейчанка з работнікамі Полацкага занальнага вузла электрычнай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» у рамках Адзінага дня інфармавання.

Падчас мерапрыемства пракурор Полацкага раёна Сяргей Трашко коратка азнаёміў прысутных са станам крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі нашага рэгіёну, пазначыўшы такую характэрную для ўсёй рэспублікі праблему, як рост кіберзлачыннасці. Нягледзячы на вялікую прафілактычную інфармацыйную працу ў гэтым кірунку, жыхары — не толькі пенсіянеры, але і працаздольныя грамадзяне з вышэйшай адукацыяй, эканамісты, бухгалтары, настаўнікі і іншыя — працягваюць трапляцца на хітрыкі зламыснікаў, якія тэлефануюць ад імя супрацоўнікаў банкаўскіх устаноў і цікавяцца звесткамі банкаўскіх карт. Сяргей Аляксандравіч перасцярог работнікаў Полацкага ЗВЭС ад такіх зносін.

Пракурор Полацкага раёна таксама нагадаў аб новым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь са зменамі, накіраванымі на аптымізацыю адміністрацыйнага працэсу, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2021 года, звярнуў увагу на ўзмацненне жорсткасці адказнасці ў дачыненні да незаконных масавых мерапрыемстваў.

Сяргей Лейчанка распавёў аб становішчы спраў у сферы жыллёвага будаўніцтва, медыцыны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У яго выступе былі закрануты многія пытанні, якія хвалююць палачан. Гэта і лёс былога Дома афіцэраў, і будаўніцтва Полацкага кадэцкага вучылішча, і рамонт вулічна-дарожнай сеткі, дваровых тэрыторый.

«Планаў шмат, трэба будзе правесцi вялікую працу. Аднак адны імкнуцца і нешта робяць для горада, а іншыя ламаюць» — падзяліўся праблемай Сяргей Дзмітрыевіч і паскардзіўся, што нядаўна ўсталяваныя велапаркоўкі з сонечнымі батарэямі ўжо паспелі сапсаваць.

Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю даведаліся пра тое, што ў Полацку будзе свой магнітна-рэзанансны тамограф, у аўтапарку №2 — новыя аўтобусы, а ў раёне аэрапорта — басейн і што большасць шматдзетных полацкіх сем'яў ужо атрымалі магчымасць пабудаваць жыллё.

У цэлым сустрэча атрымалася інфармацыйна насычанай. У яе завяршэнні работнікі Полацкага занальнага вузла электрасувязі мелі магчымасць агучыць асабістыя, адрасныя праблемы.

Крыніца: https://www.pvestnik.by