У Полацку прадстаўнікі «Беларускага саюза жанчын» сустрэліся з дэпутатам

18.03.2021

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Адзінцова на дыялогавай пляцоўцы сустрэлася з членамі праўлення Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

Сустрэчу адкрыла старшыня раённай жаночай арганізацыі Аліна Шчукіна, якая пазначыла тэму маючай адбыцца размовы - аб ролі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» у развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках задач, пастаўленых на VI Усебеларускім народным сходзе.

Для Святланы Адзінцовай VI Усебеларускі народны сход пяты, у якім яна прыняла ўдзел. На думку Святланы Уладзіміраўны, гэта падзея — вялікая працоўная нарада, на якой абазначаюць задачы для прадстаўнікоў усіх сфер жыццядзейнасці краіны. Яе, як члена Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і маладзёжнай палітыцы, цікавілі перспектывы развіцця гэтых галін. Народная выбранніца з цікавасцю слухала даклады аб сучасных падыходах да аховы здароўя. Святлана Уладзіміраўна паведаміла, што з 1 чэрвеня 2021 года на бязвыплатнай аснове будуць аказвацца паслугі дзённых стацыянараў у лячэбных установах краіны.

Нядаўна ГА «Беларускі саюз жанчын» узначаліла новы лідэр — намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. Дэпутат падзялілася ўражаннямі ад сустрэч з гэтай дзелавой, энергічнай жанчынай, адзначыўшы, што поспех жаночага руху ў краіне, на думку Алены Богдан, залежыць ад жаночай дыпламатычнасці і міралюбнасці.

Удзельніцы сустрэчы задавалі дэпутату пытанні. Даверліва гутарылі пра тое, што слабой палове чалавецтва многае па плячы, аб'яднаныя ідэяй стварэння, жанчыны могуць і павінны захоўваць мір і спакой у сваіх сем'ях, у працоўных калектывах.

У размове сяброўкі (так называюць сябе члены жансавета) закранулі тэмы жаночага шчасця. Для дэпутата Святланы Адзінцовай яно заключаецца ў тым, каб быць спакойным за жыццё навакольных — не толькі членаў сям'і, знаёмых і калег, а ў цэлым за беларусаў, за іх светлы заўтрашні дзень.

Крыніца: http://www.pvestnik.by