Палачанін-чэмпіён Рэспублікі Беларусь па таэквандо рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы

18.03.2021

Палачанін Яўген Анушкевіч на нядаўнім чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па таэквандо не пакінуў шанцаў сапернікам: усе чатыры паядынкі наш 21-гадовы зямляк выйграў датэрмінова, паказаўшы сапернікам і суддзям сваю сілу і высокі ўзровень майстэрства.

Настаўнік чэмпіёна краіны, трэнер-выкладчык па таэквандо Полацкай СДЮШАР Віталь Бутовіч ганарыцца сваім падапечным: Яўген - адзіны з яго выхаванцаў, хто дамогся высокага звання майстра спорту міжнароднага класа, тройчы, уключаючы гэты год, станавіўся чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь у вагавой катэгорыі 58 кілаграмаў. Жэня быў пятым на чэмпіянаце Еўропы сярод дарослых у 2018 годзе, у 2019-м на чэмпіянаце свету ў Манчэстэры першы бой выйграў, у другім саступіў перамогу ўдзельніку Алімпійскіх гульняў.

— Ён вельмі мэтанакіраваны спартсмен. З самага дзяцінства, а трэніруецца ён з 6-ці гадоў, быў пераможцам спаборніцтваў па сваім узросце. Выйграваў турніры кадэцкія, юнацкія. Ішоў пастаянна наперад. Вось і зараз, упэўнена пераадолеўшы прыступку чэмпіянату Рэспублікі, быў адабраны на чэмпіянат Еўропы, які ў красавіку пройдзе ў Балгарыі. Яўгену трэба вярнуць месца ў нацыянальнай зборнай краіны, якога ён пазбавіўся летась з-за пройгрышу.

- Спорт дапамог мне выхаваць валявыя рысы характару, - распавёў чэмпіён Беларусі. - Падчас паядынку я імкнуся выбіраць правільныя стратэгію, тактыку, камбінацыі і спосабы абароны. І ў жыцці так. Адслужыў армію, у гэтым годзе заканчваю вучобу ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Ужо на паўстаўкі працую трэнерам у СДЮШАР - раблю першыя крокі ў прафесіі.

Яўген лічыць, што ў яго спартыўных поспехах вялікая роля трэнера і, вядома ж, бацькоў. Яны заўсёды падтрымлівалі яго на спаборніцтвах, ганарыліся перамогамі. Тата Аляксандр Дзмітрыевіч і мама Святлана Паўлаўна цёпла сустракалі сына-пераможцу, які вярнуўся з нядаўняга чэмпіянату краіны.

Настаўнік Віталь Бутовiч матывуе падапечнага на упартыя трэніроўкі. Выхаванцу Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па адзінаборствах Яўгену Анушкевічу неабходна добра выступіць на кантрольным старце ў Балгарыі - стаць прызёрам або ўвайсці ў пяцёрку, каб на падобных спаборніцтвах прадстаўляць краіну ў наступным годзе, а ў гэтым — трапіць на перадалімпійскі адбор. Зараз у Яўгена - добрыя паказчыкі ў сусветным рэйтынгу, у вагавой катэгорыі 58 кілаграмаў ён — адзін з лепшых таэквандыстаў Беларусі.

На лідэра каманды раўняюцца ўсе займаючыеся таэквандо дзяўчынкі і хлапчукі, юнакі і дзяўчаты, дарослыя. На сёння ў Полацку гэтым баявым мастацтвам, карані якога ў далёкай Карэі, захоплены больш за 130 палачан. Пасля пераезду аддзялення Полацкай СДЮШАР у залу па вуліцы Багдановіча, 3, значна разгрузілася спартзала СШ №16, дзе займаюцца выхаванцы ГА «Тыгр». Секцыю таэквандо ў новай зале наведваюць не толькі вучні з СШ №16, СШ №18 ім.Еўфрасінні Полацкай, але і з іншых мікрараёнаў.

Адміністрацыя спартшколы зацікаўлена ў папулярызацыі гэтага алімпійскага віду спорту.

Крыніца: http://www.pvestnik.by/